Фота: Ruidong Zhang / Cornell University

Фота: Ruidong Zhang / Cornell University

Даследчык і аспірант з Cornell University Руідонг Жанг распрацаваў акуляры-санары, якія «чуюць» вас, нават калі вы бясшумна варушыце вуснамі, амаль не прамаўляючы ўголас. Усталяваныя на акулярах малюсенькія мікрафоны і дынамікі дазваляюць, напрыклад, аддаваць каманду прыпыніць або прапусціць музычную кампазіцыю, уводзіць паролі без выкарыстання клавіятуры ці працаваць у некаторых праграмах без неабходнасці мануальнага ўводу даных.

Сістэме патрабуецца ўсяго некалькі хвілін навучальных даных (напрыклад, чытанне серыі лічбаў), каб вывучыць маўленчыя ўзоры карыстальніка. Затым, як толькі дэвайс гатовы да працы, ён адпраўляе і прымае гукавыя хвалі, счытваючы рухі вуснаў і выкарыстоўваючы пры гэтым алгарытм глыбокага навучання для аналізу рэха-профіляў у рэжыме рэальнага часу «прыкладна з 95-адсоткавай дакладнасцю».

Пры гэтым апрацоўка даных адбываецца на вашым смартфоне (па бесправадной сувязі), паведамляе Engaget. Гэта дазваляе прыладзе мець невялікі памер. Бягучая версія прапануе каля 10 гадзін аўтаномнай працы. Акрамя таго, сцвярджаецца, што ніякія даныя не пакідаюць ваш тэлефон, ухіляючы асцярогі, звязаныя з прыватнасцю. 

Сапраўды канфідэнцыйнасць даных тут уяўляе сабой важны фактар, калі разглядаць патэнцыйнае выкарыстанне прылады ў рэальным свеце. Стваральнік прапануе выкарыстоўваць такія акуляры, напрыклад, для кіравання прайграваннем музыкі (без выкарыстання рук і вачэй) у ціхай бібліятэцы або для дыктоўкі паведамлення на гучным канцэрце, дзе стандартныя варыянты ўводу тэксту не вельмі зручныя.

Але ж, бадай, самая захапляльная перспектыва — гэта выкарыстанне вынаходкі людзьмі з парушэннямі маўлення для бязгучнай перадачы слоў у галасавы сінтэзатар, які можа потым прамаўляць словы гучна і ўголас.

Фота: Ruidong Zhang / Cornell University

Фота: Ruidong Zhang / Cornell University

Зараз каманда Cornell's Smart Computer Interfaces for Future Interactions Lab вывучае камерцыялізацыю гэтай тэхналогіі з дапамогай праграмы фінансавання Cornell. Яны таксама разглядаюць дадаткі да разумных акуляраў для адсочвання рухаў твару, вачэй і верхняй часткі цела. Даследчыкі лічаць, што «шкло будзе важнай персанальнай вылічальнай платформай для разумення дзейнасці чалавека ў штодзённых умовах».

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0