Вольга Palunisa. Фота: архіў гераіні

Вольга Palunisa. Фота: архіў гераіні

Выцінанка з каранямі ў Маладзечне

Вольга родам з Маладзечна. Там адвучылася ў мастацкай школе, у Міры засвоіла прафесію рэстаўратара, а пазней адвучылася год у маладзечанскім класе народнага мастацтва, дзе тады адраджалі выцінанку. Цяпер беларуска жыве ў ЗША.

Мастачка расказвае, што ў савецкія часы ад вялікай беларускай культуры выцінанкі засталіся, бадай, адны папяровыя сняжынкі, якія мы ў дзяцінстве выразалі на Новы год і клеілі на вокны. За тое, каб ліквідаваць гэты прагал у некалькі дзесяцігоддзяў, браліся розныя мастакі па ўсёй краіне, але найбольш актыўна, паводле Вольгі, гэтым займаліся ў Маладзечне.

У свеце, дзе пра беларускую выцінанку амаль забыліся, ствараць яе нанова было няпроста, і недахоп інфармацыі таксама перашкаджаў. Мастачка згадвае: «Тады не было інтэрнэту, амаль не было кніжак па выцінанках, і немагчыма было пабачыць іх прыклады. Усе мы варыліся ў сваім сіропе, але гэта стала падставай для таго, каб сфарміраваўся наш, уласны, беларускі стыль выцінанак».

Вольга на сёння, бадай, самая дарагая мастачка выцінанкі з Беларусі.

Яна расказвае, што штуршком у гэтым кірунку для яе стала знаёмства з папяровымі выразкамі з усяго свету: «Калі я атрымала магчымасць шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, стала збіраць прыклады папяровага выразання з усяго свету. Месяцы два гэтым займалася, усё больш адкрывала разнастайнасць гэтага мастацтва. Тады я дакладна ўсвядоміла, наколькі ўнікальная менавіта беларуская выцінанка, і прыняла рашэнне, што хачу сканцэнтраваць сваю творчасць у гэтай сферы».

«Выразанне з паперы — эстэтычнае мастацтва, зусім не практычная рэч»

Калі вы згадваеце папяровыя сняжынкі і думаеце, што нідзе ў свеце падобнага няма, вы моцна памыляецеся. Вольга ўпэўнівае: практычна паўсюль, дзе была папера, з яе нешта рабілі. Зразумела, з паперы выразалі на радзіме гэтага матэрыялу, у Кітаі, але не толькі — ёсць і зусім нечаканыя кірункі.

«Трэба адзначыць Мексіку, бо ў іх таксама ёсць свая традыцыя папяровых выразак, яны вельмі папулярныя на Хэлоўін, дзе робяць кампазіцыі з рознымі шкілецікамі. Гэта выцінанка-выбіванка: малюецца сетка, на яе робяць малюнак і завостранай шрубоўкай выбіваюць дзірачкі. Падобная тэхналогія была ў нас на Наваградчыне», — расказвае мастачка.

З паперы выразалі і ў Заходняй, і ва Усходняй Еўропе; Польшча і Украіна ўтрымалі гэтую традыцыю і ў савецкія часы. Сваю выцінанку маюць і яўрэі — яны клічуць гэтае мастацтва «рэйзэле», руская ж выцінанка не даследавана. У беларусаў, шкадуе Вольга, на выцінанку ў XX стагоддзі збольшага не звярталі ўвагі, лічылі выразкі з паперы нечым некаштоўным: «Маглі да свята нарэзаць з паперы розных убранняў, але да наступнага свята яно не дажывала, гэта ўсё здымалі і палілі ў печы. Толькі ў канцы мінулага стагоддзя пачалі ставіцца да выцінанкі як да мастацкай каштоўнасці».

Выцінанка, у адрозненне ад той жа керамікі, — гэта зусім не пра практыку, а выключна пра эстэтыку. «Чалавеку, у якога ёсць патрэба ў эстэтычных каштоўнасцях, будзе зразумелая выцінанка, а калі такіх каштоўнасцей у чалавека няма, то выцінанка, хутчэй за ўсё, яму будзе мала цікавая. Эстэтычная база мае вельмі моцнае значэнне для ўспрыняцця выцінанкі як культурнага мастацтва і спадчыны», — кажа Вольга.

Фота: архіў гераіні

Фота: архіў гераіні

Вольга сама не спрабавала асвойваць замежную выцінанку, але дзеліцца месцамі, дзе можна ёй захапляцца: «У Старой сінагозе ў Кракаве ёсць два прыклады яўрэйскага рэйзэле, неверагодна прыгожыя карціны. Але для мяне важна не толькі бачыць, што ёсць вакол, але і праз бачанне таго, што ёсць у свеце, па-новаму ўспрымаць нашу беларускую традыцыю. Насамрэч наша беларуская выцінанка — гэта вельмі прыгожыя і захапляльныя вырабы, яшчэ і цяпер у народзе можна знайсці яе выдатныя прыклады».

Рэйзэле, дарэчы, магло паўплываць і на нашу традыцыю. Па Беларусі праходзіла мяжа аселасці яўрэяў, і беларусы, якія жылі побач, вучыліся выразаць з паперы падобным чынам.

Увогуле тэхніка выцінанкі на Беларусі вядомая з IX—XII стагоддзя, але тады яе рабілі не з паперы. На вопратцы, рукавах выразаліся дзіркі так, як выразаецца выцінанка: то-бок складвалася тканіна і на ёй выразаўся ўзор, які меў пэўнае значэнне, напрыклад, магічнае ці ахоўнае. 

«Людзі ўспрымаюць выцінанку як паперу, яны не бачаць за паперай працы мастака»

Вольга расказвае, што для яе выцінанка — гэта пра спецыфіку нашай беларускай ментальнасці, спасціжэнне саміх сябе. Карані нашы ляжаць у культуры, і яна ўплывае на наша ўспрыманне свету. Чалавек не можа проста боўтацца ў паветры без аніякага падмурка, разважае мастачка.

Фота: архіў гераіні

Фота: архіў гераіні

Беларуска моцна гэта адчула, калі прыехала ў Злучаныя Штаты: «Там вельмі шмат людзей розных культур і з рознымі поглядамі жыве адно каля аднаго, але знаходзяць паразуменне паміж сабой. У гэтай колькасці культур дужа моцна адчуваецца, як мы, беларусы, адрозніваемся ад усіх: ад украінцаў, палякаў, прыбалтаў».

Што ж выразае з паперы мастачка?

«Адзін з найбольш пашыраных у маёй працы вобразаў — «Дрэва жыцця», гэта вельмі адметны сімвал, які моцна адрознівае нас ад іншых культур. Ёсць варыянт «Дрэва жыцця» ў Даніі, але там ён заўжды робіцца ў коле, а беларускае «Дрэва жыцця» мае больш выцягнуты вертыкальны фармат. Гэта таксама гаворыць пра нейкія глыбінныя ментальныя асаблівасці.

Я люблю міфалагічныя вобразы, а таксама карціны, у якіх я проста выражаю свае пачуцці праз выцінанку. Па сутнасці, праз яе я пазнаю сваю беларускую самаідэнтыфікацыю: як бы я ад гэтага ўсяго ні хавалася, вытокі ёсць вытокі, і мне падабаецца да іх звяртацца. У маёй практыцы ёсць і традыцыйныя сімвалы, і зусім нетрадыцыйныя, але ў аснове ўсяго гэтага ляжаць прынцыпы менавіта беларускай выцінанкі».

Нетрадыцыйныя вобразы — гэта як? Вольга тлумачыць, што наша ўяўленне пра народнае мастацтва часта звязана з арнаментамі, казачнымі сюжэтамі, але яна можа выразаць і зусім іншае: напрыклад, сонечны кастрычніцкі дзень або моцнае эмацыйнае перажыванне.

Цэны на працы, расказвае беларуска, бываюць зусім розныя. Самыя танныя яе вырабы — гэта паштоўкі і закладкі, яны абыдуцца ў 10 даляраў за штуку. А вось з карцінамі, створанымі выцінанкай, гісторыя больш складаная: «Напэўна, мастацтва каштуе столькі, колькі за яго гатовыя плаціць, але з іншага боку, яно каштуе столькі, у колькі яго ацэньвае мастак. У мяне ёсць вельмі папулярныя працы. Напрыклад, маю выяву «Дрэва жыцця», якой я выразала недзе 60 копій, бо яна ўсім падабаецца. Гэтыя копіі не аднолькавыя, справа ў тыпе кампазіцыі — чырвонае дрэўца на белым фоне. Як толькі я іх выражу, іх абавязкова купяць. Такія працы я не раблю дарагімі.

А ёсць карціны, якія могуць быць адзінкавымі, калі я дакладна ведаю, што такую копію больш не зраблю, і праца можа мець для мяне моцнае ўласнае значэнне, магу мець звязаныя з ёй эмоцыі і перажыванні. Такая праца можа быць такога ж памеру, як дрэўца, але цана яе будзе зусім іншая».

Самыя дарагія карціны ў мастачкі даходзяць да цаны ў тысячу даляраў. Вольга расказвае, што ўжо не адзін раз рабіла на замову «Радавое дрэва» і гэтую працу называе дужа вялікай і скрупулёзнай: трэба прадумаць належную кампазіцыю для ўсіх частак дрэва, каб усё добра спалучалася і выглядала эстэтычна. Дрэва можа атрымацца высокім — апошняя такая карціна была ў Вольгі больш за метр вышынёй, а часу на яе сыходзіць, бывае, да двух месяцаў.

Ці ўсе разумеюць, навошта плаціць такія грошы? «У Беларусі часам чула, што гэта дорага, бо людзі ўспрымаюць выцінанку як паперу, яны не бачаць за паперай працы мастака. Часам могуць звярнуць увагу на майстэрства: маўляў, тонкая праца, але мастацтва яны за гэтым не бачаць. Аднак збольшага людзі разумеюць, што гэта праца мастака.

Фота: архіў гераіні

Фота: архіў гераіні

Проста ў чалавечай свядомасці, напэўна, ёсць жаданне параўноўваць, хто колькі каштуе. Думаю, на сёння я самая дарагая мастачка беларускай выцінанкі, але гэта не значыць, што гэта дорага, і апошнім часам я з непаразуменнем не сутыкалася. Так, у мяне ёсць вельмі дарагія працы, але гэта таму што яны мне вельмі дарагія. Таксама стараюся мець і працы, даступныя кожнаму», — дзеліцца Вольга.

«Нагугліў выцінанку, пайшоў і надрукаваў яе на пяцідзесяці цішотках, потым прадаў іх»

Вольга расказвае, што ў працы з выцінанкай часта сутыкаецца з парушэннем аўтарскага права. У беларусаў, тлумачыць яна, ёсць такое ўяўленне: калі мастацтва народнае, то яно належыць усім, і калі выцінанка — гэта народнае мастацтва, яна таксама належыць усім, і аўтараў у яе няма.

Але з выцінанкай гэта не працуе, бо ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў яе беларускай гісторыі існаваў прабел, пасля якога нашу выцінанку цалкам адрадзілі прафесійныя мастакі. Гэта азначае, што кожны элемент, выява, вобраз і кампазіцыя створаныя нейкімі мастакамі.

Вось як гэта, паводле мастачкі, выяўляецца на практыцы: «Вельмі шмат сутыкаюся з такім успрыняццем выцінанкі: нагугліў карцінку ў яе стылі, пайшоў і надрукаваў яе на пяцідзесяці цішотках, потым прадаў іх. Не кажу, што так робяць усе, але гэта быццам бы нармальнае стаўленне да сітуацыі. Насамрэч тэхніка выцінанкі — народная, але само гэтае мастацтва — аўтарскае».

Вольга мяркуе, што ў іншых відах народнага мастацтва паняцце аўтарскага права таксама прысутнічае. У адным рэгіёне могуць быць адны выцінанкі на вокнах, бо іх рабіў пэўны майстар, у іншым рэгіёне яны могуць адрознівацца, і гэта таксама пытанне аўтарства.

Мастачка дзеліцца, што выцінанка, якую мы часам недаацэньваем, дала ёй магчымасць цалкам сябе забяспечваць: «Па сутнасці, апошнія гадоў 17 я жыву за кошт свайго мастацтва. Маю дызайнерскі досвед, рабіла розныя дызайнерскія рэчы, звязаныя з выцінанкай: лагатыпы, буклеты, ілюстрацыі да кніг.

Выдала сваю кнігу з шаблонамі для выразання і маімі педагагічнымі напрацоўкамі, ілюстравала выцінанкай зборнік вершаў, беларускамоўныя паштоўкі. Не збіраюся пераключацца на іншыя варыянты заробку грошай, лічу, што і ў гэтым відзе мастацтва можна знайсці крыніцы для развіцця. І ў тым ліку заўжды падкрэсліваю беларускае паходжанне сваёй творчасці».

Фота: архіў гераіні

Фота: архіў гераіні

Дзе выцінанку лепш купляюць — у Еўропе ці ў ЗША? Вольга распавядае, што яе працы дужа цанілі на польскіх фэстах, дзе мастачка нават мела сталых пакупнікоў, але і Штаты дэманструюць попыт на беларускае мастацтва:

«У Злучаных Штатах мае выцінанкі падабаюцца як беларусам, якія тут жывуць, так і амерыканцам. Хутчэй гэта праз тое, што ў месцы, дзе я апынулася, ставяцца да мастацтва як да прадукту, то-бок музыка, літаратура — гэта прадукт. Хаця ён і духоўна-эстэтычны, але гэта такі ж прадукт, як бульба, піца або аўтамабіль.

Такое стаўленне стварае зусім іншы падыход да мастацтва. Тут я адчуваю сябе такім жа самым па каштоўнасці чалавекам, як тыя, хто развозіць пошту, рамантуе дарогу або працуе чыноўнікамі. У Беларусі я не адчувала, каб да мастацтва ставіліся як да прадукту, але не магу сказаць, што ў Беларусі не цікавіліся выцінанкамі. Апошнія гады быў вельмі вялікі ўздым цікавасці да ўсяго беларускага, і там у мяне таксама набывалі працы, прыязджалі на майстар-класы ў музей выцінанкі, які я заснавала. На жаль, ён не вельмі доўга праіснаваў, але ён быў, і гэта ўжо важны факт».

Жанчына згадвае, што ў 2000 годзе на кірмашы ля «Славянскага базара» ёй трэба было кожнаму чалавеку тлумачыць, у чым жа сутнасць яе мастацтва, а цяпер пра выцінанку ведае ўжо значна больш людзей. Мастачка падкрэслівае, што галоўнае — каб беларусы навучыліся паважліва ставіцца да аўтарства ў любым мастацкім творы, не важна, гэта фотаздымак альбо арыгінальная выразка з паперы.

У вольны час Вольга ладзіць анлайн-заняткі па выцінанцы. Расказвае, што яе мара — каб выцінанка стала нечым накшталт вышыванкі, каб кожны беларус меў яе дома.

Паглядзіце, якія шыкоўныя выцінанкі робіць беларуская мастачка ФОТЫ

Брэнд Hvilina выпусціў гадзіннікі з нацыянальным каларытам

«Беларускіх кніжных ілюстратараў цэняць ва ўсім свеце. Акрамя Беларусі». Хто робіць найлепшыя кніжныя ілюстрацыі

Клас
23
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
5