Храм святога Мікалая на Лукішках. Фота radzima.org

Храм святога Мікалая на Лукішках. Фота radzima.org

Візіт Сусветнага (Канстанцінопальскага) патрыярха Варфаламея ў Вільню скончыўся падпісаннем пагаднення з літоўскімі ўладамі. Пагадненне прадугледжвае канкрэтныя крокі па інстытуцыялізацыі ў краіне структур Сусветнага патрыярхату, адкрываючы для іх магчымасці будаваць і бязвыплатна арандаваць у дзяржавы храмавыя памяшканні, ажыццяўляць місіянерскую, адукацыйную і дабрачынную дзейнасць.

Клірыкі Сусветнага патрыярхату ў Літве атрымаюць такі ж прававы статус, як і святары іншых традыцыйных канфесій Літвы.

Дакумент з Канстанцінопальскім патрыярхатам падпісвала прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце. Яна падкрэсліла, што рашэнне Сусветнага патрыярхату задаволіць апеляцыю пяці літоўскіх праваслаўных святароў, аднавіць іх рэлігійны статус і прыняць у Царкву-Маці пасля рашэння патрыярха Маскоўскага Кірыла выключыць іх з духавенства, — гэта важны крок у забеспячэнні рэлігійнай свабоды ў Літве.

Таксама яна падкрэсліла, што рашэнне аб вяртанні Экуменічнага патрыярхату ў Літву можа прыняць толькі ён сам. Аднак яна адзначыла, што магчымасць вызнаваць сваю веру без канфлікту з сумленнем важная не толькі для праваслаўных грамадзян Літвы грэчаскага і ўкраінскага паходжання, але і для ўкраінцаў, якія ўцяклі ад развязанай Расіяй вайны, і для беларусаў, якія праз рэпрэсіі на радзіме пераехалі ў Літву.

Падчас паездкі Варфаламей сустрэўся не толькі з прадстаўнікамі ўлады, але і з адноўленымі ў сане святарамі і вернікамі.

Раней з просьбай аб заснаванні мясцовай структуры Сусветнага патрыярхату да патрыярха Варфаламея звярталіся розныя нацыянальныя грамады Літвы, у тым ліку беларуская і ўкраінская.

У карыстанне праваслаўных вернікаў Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні перадалі храм у гонар святога Мікалая на Лукішках. Гэта адзін з нямногіх культавых будынкаў, што гістарычна належалі Праваслаўнай царкве, але не былі перададзеныя ва ўласнасць мясцовай епархіі РПЦ, напісаў напярэдадні візіту ў сваім тэлеграм-канале айцец Аляксандр Шрамко.

Таксама ён паведаміў, што напярэдадні візіту патрыярха Канстанцінопальскага ўпершыню літургія ў саслужэнні святароў Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні прайшла ў будынку названага храма.

Клас
77
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
6