У Гаазе пачаўся «народны суд» над прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якога «судзяць» за агрэсію ў сувязі з уварваннем ва Украіну. Гаворка ідзе пра сімвалічны крок з мэтай закрыць «прабел у прыцягненні да адказнасці» ў адсутнасць міжнароднага трыбунала з належнай юрысдыкцыяй, паведамляе «Голас Амерыкі».

Суд не валодае юрыдычнай сілай, але абвінавачанне заявіла, што яно прадставіць сведчанні таго, што Пуцін здзейсніў злачынства ў выглядзе агрэсіі, аддаўшы загад аб уварванні год таму і развязаўшы разбуральную вайну, у выніку якой былі забітыя тысячы чалавек, а гарады ператвораныя ў руіны.

«Гэта злачынства, якое ўвойдзе ў аналы бясслаўя. Гэта злачынства, якое патрабуе, каб за яго адказалі», — заявіў Дру Уайт — канадскі адвакат, які выступае ў якасці аднаго з пракурораў суда.

Хоць Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, учыненых ва Украіне, ён не валодае юрысдыкцыяй для пераследу расійскіх лідараў за агрэсію.

«Народны суд — гэта сумесная ініцыятыва праваабарончай арганізацыі «Кіно за мір», украінскага Цэнтра грамадзянскіх свабод і Бэна Ферэнца, 102-гадовага юрыста, апошняга жывога пракурора Нюрнбергскага працэсу над вышэйшымі нацысцкімі лідарамі пасля Другой сусветнай вайны.

Плануецца, што суд вынесе вердыкт у пятніцу — першую гадавіну расійскага ўварвання.

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1