«Аб'ектыўных прычын для прыняцця такога рашэння беларускі бок не бачыць, бо пагрозы з тэрыторыі Беларусі няма. З улікам закрыцця пункта пропуску «Баброўнікі» на польскім напрамку з шасці пунктаў пропуску застанецца толькі два: адзін — для грузавога транспарту — «Кукурыкі» і адзін для легкавога — «Цярэспаль». Нагрузка на астатнія маршруты істотна павялічыцца, што негатыўна адаб'ецца на абстаноўцы ў памежжы і можа прывесці да калапсу ў пунктах пропуску», — заявіў прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.

Ён адзначыў, што ад рашэння польскага боку пацерпяць грузаперавозчыкі, звычайныя грамадзяне і жыхары памежжа па абодва бакі мяжы.

Раней у Дзяржпагранкамітэце заклікалі ўлічваць інфармацыю аб закрыцці пункта пропуску «Бераставіца — Баброўнікі» пры планаванні паездак.

Нагадаем, па рашэнні польскага боку, з 10 лютага з 12:00 (у 14:00 па мінскім часе) польскі пункт пропуску «Баброўнікі» афіцыйна прыпыняе афармленне транспартных сродкаў і асоб, якія едуць праз мяжу, на нявызначаны час.

Раней, у 2021 годзе, польскі бок з-за міграцыйнага крызісу закрыў пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы «Брузгі — Кузніца Беластоцкая». Яшчэ раней, у 2020 годзе, па ініцыятыве польскага боку з-за COVID-19 былі зачыненыя пункты пропуску «Славатычы — Дамачава» і «Полаўцы — Пясчатка».

Такім чынам, на беларуска-польскай мяжы застаецца толькі два дзейныя пункты пропуску: для грузавога транспарту ў Польшчу застаецца адзіны пункт пропуску «Кукурыкі» (з беларускага боку «Казловічы»), а для легкавога — пункт пропуску «Цярэспаль» (з беларускага боку «Брэст»).

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
0