Палескі Зюзя
У Нацпарку «Прыпяцкі» стартаваў конкурс на самы цікавы, крэатыўны ліст палескаму Зюзі, які жыве ў мясцовай рэзідэнцыі.
Гэта для тых, хто верыць у цуд, чараўніцтва і спаўненне жаданняў.
«Няважна, дзіця вы або дарослы, — удзельнічаць могуць усе. Пішыце ў лісце ўсё, што ваша душа пажадае! Тварыце, фантазіруйце, вытварайце, малюйце, даверце свае самыя шчырыя жаданні пяру і паперы без абмежаванняў і адпраўляйце палескаму Зюзі. Магчыма, што Зюзя дапаможа спаўненню вашай запаветнай мары», — звярнуліся да патэнцыяльных удзельнікаў арганізатары.
Чароўны адрас для пісем: 247946, аг. Ляскавічы, вул. Глушко, 7а, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць, Нацыянальны парк «Прыпяцкі», Палескаму Зюзі.
Аўтараў самых чуллівых пісем чакаюць падарункі. Пераможца атрымае сертыфікат на паездку ў сафары-парк і салодкі пачастунак — блін з варэннем і травяны чай. Прыз за другое месца — сертыфікат на наведванне Музея прыроды ў Ляскавічах і падарунак ад палескага Зюзі, а за трэцяе — сертыфікат на наведванне Музея пад адкрытым небам у аг. Ляскавічы і таксама падарунак ад палескага Зюзі.
Чараўніцтва здарыцца 16 студзеня — арганізатары назавуць імёны пераможцаў.





