Наста Лойка

Наста Лойка

Прапагандыстка Людміла Гладкая піша, што праваабарончая арганізацыя Human Constanta нібыта «збірала інфармацыю пра беларусаў і перадавала яе спецслужбам».

«Доказамі» яна называе тое, што валанцёры арганізацыі вучыліся і стажыраваліся за мяжой, рыхтавалі аналітычныя матэрыялы з адкрытых судоў, былі назіральнікамі на выбарах, запісвалі паказанні пацярпелых падчас затрыманняў, дзяжурылі каля РУУС. 

Лойку прапагандыстка абвінаваціла ў тым, што яна кансультавала людзей па прававых пытаннях, дапамагала рабіць дакументы. У віну ёй ставіцца і тое, што яна давала каментары замежным журналістам і беларускім незалежным СМІ.

Гладкай не спадабалася тое, каму дапамагалі праваабаронцы.

«Дык заступіцеся за людзей! За паралімпійцаў, якіх Захад пазбаўляе спаборніцтваў! Заступіцеся за дзяцей з цяжкімі захворваннямі, якія не могуць атрымаць лячэнне ў нашым санаторыі ў Літве! За змучаных бежанцаў заступіцеся. Тупніце, нарэшце, нагой супраць санкцый!» — абураецца прапагандыстка.

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta адрэагавала на абвінавачванні ў «шпіянажы». 

«З самога свайго заснавання праваабарончая арганізацыя Human Constanta ажыццяўляла дзейнасць выключна мірнага і праваабарончага характару. Мы хочам падкрэсліць, што такая дзейнасць з'яўляецца правамернай і гарантаваная праваабаронцам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй аб праваабаронцах, зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 года.

У сувязі з гэтым, лічым, што ўсе абвінавачванні, якія прыводзяцца ў артыкуле, з'яўляюцца неабгрунтаванымі.

Мы, як і раней, будзем працягваць сваю праваабарончую дзейнасць і далей адстойваць правы чалавека для кожнага(ай), а таксама патрабаваць спыніць усе спробы пераследу і ціску на беларускіх праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці».

Нагадаем, што Наста Лойка знаходзіцца за кратамі з 28 кастрычніка. Ёй некалькі разоў прысуджалі суткі.

Клас
6
Панылы сорам
7
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
38