Прысуд вынесла Вікторыя Шабуня. Пасля трох месяцаў у СІЗА Аксану вызвалілі ў зале суда, піша «Вясна».

Манкевіч не зможа больш у Беларусі працаваць экскурсаводкай, бо, паводле пастановы ўрада ад 7 снежня, з новага года экскурсаводамі не змогуць працаваць тыя, каго судзілі па «пратэсных» крымінальных артыкулах.

Аксану затрымалі 14 верасня ў Мінску ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). На праўладных каналах з’явілася відэа з ёй, на якім дзяўчына кажа, што «прымала ўдзел у масавых мерапрыемствах у 2020 годзе, а таксама выходзіла на дарогу з БЧБ-сцягам». 

У 2021 годзе Аксану арыштоўвалі ў межах адміністрацыйнай справы два разы. Першы раз гэта адбылося напрыканцы студзеня 2021 года — тады Аксану затрымалі з цэлай экскурсійнай групай і асудзілі паводле арт. 23.34 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства). Аксану арыштавалі на 15 сутак, іншых удзельніц экскурсіі асудзілі таксама да арыштаў і штрафаў. 

Другі раз Аксану затрымалі 2 лістапада 2021 года на падстаўной экскурсіі, якую замовіў супрацоўнік ГУБАЗіКа. На выхадных ёй патэлефанаваў малады чалавек, назваўся Аляксеем і замовіў экскурсію для сваёй дзяўчыны. Яны дамовіліся сустрэцца ў 11 гадзін 2 лістапада на плошчы Свабоды, 4. Калі Аксана прыйшла ў прызначаныя месца і час, то не ўбачыла ніякай дзяўчыны. Падышоў малады чалавек, паказаў пасведчанне і аказалася, што гэта і быў той Аляксей, які замаўляў экскурсію. 

«Спачатку нешта сказаў пра службовы аўтамабіль, але потым сказаў, што хутчэй будзе пешшу дайсці. І я зразумела, куды мы пойдзем, бо побач Рэвалюцыйная, 3 [там знаходзіцца будынак ГУБАЗіКа]». 

Па словах Аксаны, там у яе запатрабавалі ўвесці пароль на тэлефоне, каб яго разблакаваць. З-за хвалявання яна не магла ўспомніць. Праз тое, што некалькі разоў прыкладвалі палец, пароль збіўся. Потым усё ж такі ўскрылі тэлефон, але нічога патрэбнага там не выявілі. Дзяўчыне ў ГУБАЗіКу прапанавалі запісаць відэа, але яна адмовілася, бо «не разумела, у чым трэба каяцца». Пасля гэтага супрацоўнікі паехалі да Аксаны дадому і правялі ператрус. Пасля гэтага яны вярнуліся ў ГУБАЗіК і павезлі Аксану ў Цэнтральнае РУУС. 

«Там прыпаркаваліся каля тратуара. Яны бачылі, што я адэкватна сябе паводжу і нават не трымалі мяне за руку. Прайшлі спакойна разам у РУУС». 

У выніку яе арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаванне міліцыянтам паводле арт. 24.3 КаАП. Згодна з пратаколам, Манкевіч 2 лістапада ў 15:10 на вуліцы Арлоўскай 58/1 «аказала непадпарадкаванне Александровічу, адмовілася прайсці ў РУУС па факце разбіральніцтва па падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, упіралася нагамі, хапала за форменнае абмундзіраванне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
8