Пракурор Рэмі Кутэн. Фота: Quentin reix

Пракурор Рэмі Кутэн. Фота: Quentin reix

«За 23 гады працы ў судзе я ні разу з такім не сутыкаўся, — разводзіць рукамі дзяржаўны абвінаваўца Рэмі Кутэн. — У нас няма цела, і мы не ведаем асобы чалавека, які, як нам здаецца, быў забіты».

Што ў паліцыі ёсць, так гэта падазраваны. 46-гадовы паляк, імя якога трымаюць у сакрэце, шмат гадоў жыў у Францыі і працаваў цесляром, цяпер ён пад арыштам.

Следчыя мяркуюць, што справа была так: падазраваны, будучы нападпітку, ехаў за стырном сваёй чорнай Audi і збіў жанчыну на ровары непадалёк ад мястэчка Бургтэрулд за 150 км на паўночны захад ад Парыжа.

Падумаў, што забіў яе і паехаў дадому па рыдлёўку. Але калі вярнуўся, выявіў, што жанчына яшчэ жывая. Паліцыя ўпэўненая, што тады ён вырашыў дабіць яе рыдлёўкай, потым закапаў, а ровар выкінуў на сметнік.

Невялікая загваздка: вельмі мала доказаў таго, што ўсё менавіта так і было. Ні цела, ні прызнання, ні ровара. У давяршэнне — ніводнай заяўкі аб зніклай жанчыне.

Праз два месяцы пасля таго, што здарылася, 14 мая, экс-сяброўка падазраванага з'явілася ў паліцэйскі ўчастак у Д'епе і распавяла, што яе былы патэлефанаваў п'яным 9 сакавіка і прызнаўся, што забіў жанчыну ў аварыі.

Гэта была яго першая версія. Пазней зноў патэлефанаваў і заявіў, што ўсё добра: жанчына жывая і пайшла дадому.

Сяброўка захвалявалася і на наступны дзень вырашыла свайго былога наведаць. Дома яго не аказалася, але на лабавым шкле яго машыны была ўвагнутасць з вялікай чырвонай плямай. 13 сакавіка ёй усё-такі атрымалася з ім пагаварыць. Тады ён і выклаў у дэталях гісторыю пра забойства рыдлёўкай. Веласіпедыстка, па яго словах, была падобная да бяздомнай.

Яшчэ трое сведак чулі ад падазраванага тры іншыя версіі здарэння.

Адна са знаёмых зайшла да падазраванага дадому пазней у дзень аварыі і заспела яго за наступнай працай: ён ліхаманкава адціраў пашкоджаную машыну. Ёй ён сказаў, што збітая жанчына выжыла. Знаёмая на ўсялякі выпадак усё роўна сфатаграфавала машыну, і цяпер гэта адзін з ключавых доказаў у справе.

Іншы факт супраць падазраванага — тое, што ён абвясціў аб крадзяжы Audi, якую знайшлі абгарэлай у сярэдзіне красавіка. Пазней ён прызнаўся паліцыі, што сам жа яе і падпаліў.

У чэрвені яго арыштавалі, і тады ён абвясціў, што ўсё гэта няўдалы жарт — ён выдумаў гісторыю, каб разжаліць сваю былую сяброўку. Сам пашкодзіў лабавое шкло і размазаў па ім курыную кроў.

Потым прызнаў, што аварыя ўсё ж была, а потым зноў стаў паўтараць пра дрэнны жарт.

Паліцыі трэба тэрмінова знайсці ахвяру, хтосьці ж павінен быў пацярпець у той аварыі.

«Ёсць маса зніклых людзей, пра якіх не паведамляюць паліцыі», — наракае пракурор Кутэн.

Ёсць верагоднасць, што збітая жанчына была турысткай або іншаземкай, у якой быў другі дом у Францыі. Можа быць, гэта веласіпедыстка, якая пусцілася ў далёкае падарожжа. Можа быць, гэтая жанчына проста жыла ў ізаляцыі, у адрыве ад сваёй сям'і і сяброў.

У закліку да магчымых відавочцаў здарэння, апублікаваным паліцыяй, ахвяра апісана як жанчына 40—60 гадоў, з заплечнікам, на ровары і, магчыма, з торбамі, прымацаванымі да багажніка. Нічога больш паліцыя пра яе не ведае.

Клас
3
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
34
Сумна
12
Абуральна
3