Як распавяла чытачка, якая жыве ў Жодзіна, пасля ўчорашняга здарэння яна так і не адчыняла акно — кажа, не хочацца рызыкаваць.

«Як пачула ўчорашнюю навіну, так і не выходзіла на вуліцу, не адчыняла вокны. У мяне маленькія дзеці, не хочацца падвяргаць іх небяспецы, — кажа суразмоўца. — Людзі, вядома, вельмі перажывалі, пісалі ўвечары ў чатах горада. Але сёння там усё выдаленае: адміна групы «папрасілі» пачысціць».

На скрыншотах з мясцовых чатаў, якія засталіся ў дзяўчыны, у 22.36 пісалі, што на адным з прадпрыемстваў у пасёлку Пліса адбылася ўцечка аміяку. Жыхарам раілі не адчыняць вокны да абеду 28 кастрычніка і па магчымасці не выходзіць на вуліцу.

Праз паўгадзіны яшчэ адзін удзельнік чата, верагодна, які пражывае ў Плісе, апісаў свой стан: «Ачаг у нас. У роце дзіўны прысмак, дзярэ нос і горла». Паводле яго слоў, супрацоўнікі МНС на пытанні мясцовых адказвалі, што канцэнтрацыя аміяку ў межах нормы.

У абласным аддзяленні МНС пацвердзілі, што аварыя была, але заклікалі не перажываць.

— Учора ў Смалявіцкім раёне была невялікая аварыя, яна ліквідаваная. Таму цяпер усё працуе ў штатным рэжыме. Вядома, можна адчыняць вокны і дыхаць свежым паветрам.

Ва ўстанове па захоўванні матэрыяльных каштоўнасцяў «Заходні» пацвердзілі, што сапраўды адбылася менавіта там.

— Была невялікая колькасць аміяку. <…> Уся аварыя лакалізаваная, ліквідаваная з дапамогай МНС. Усё ліквідавана, і цяпер адпаведныя органы займаюцца разглядам. У нас усё нармальна, не хвалюйцеся.

«Я не ведаю, гэта ж тэхніка. Усякае можа быць. Можа, прыляціць нешта да нас з поўдня, з поўначы — бачыце, якая цяпер абстаноўка. Але ў нас ва ўстанове усё працуе ў штатным рэжыме», — дадаў спецыяліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2