Даша Грыцкевіч. Фота: Мікіта Пятроўскі

Даша Грыцкевіч. Фота: Мікіта Пятроўскі

«Мае яркія вобразы вельмі падабаюцца дзецям»

Даша Грыцкевіч, 21 год:

— Прымяраць на сябе яркія вобразы я пачала ў 18 гадоў, проста з цікаўнасці. Тады я і падумаць не магла, што гэта ператворыцца ў мой стыль жыцця. Усё пачыналася з выразных стрэлак на вачах. Але паступова, гледзячы на мадэляў у Інтэрнэце і капіруючы ідэі макіяжу, я пачала эксперыментаваць: макіяжу станавілася ўсё больш, з'явіўся пірсінг, татуіроўка. І вось ужо тры гады мой стыль — гэта яркія вобразы.

Спачатку я саромелася выходзіць у горад са смелым макіяжам: павышаная ўвага з боку людзей была нязвыклай. Але даволі хутка я перастала звяртаць увагу на касыя погляды, сарамлівасць прапала, а з кожным наступным выхадам «у свет» мой макіяж станавіўся толькі ярчэйшым.

Самы смелы эксперымент, які я зрабіла над сабой, — гэта вобраз д'ябла на дзень усіх Святых пару гадоў таму. Грымам для твару паслужыла чырвоная памада, а рожкі я зрабіла з пенапласту, пафарбаваўшы іх акрылам. У такім вобразе я ехала ў аўтобусе праз увесь горад да сяброўкі, з якой мы дамовіліся пафатаграфаваць. Увагі я тады «сабрала» вельмі шмат. Людзі з цікаўнасцю мяне разглядалі, хтосьці ўсміхаўся і рабіў кампліменты, хтосьці раіў— — «памылася б». Адна бабуля і зусім мяне перахрысціла, дадаўшы, што я буду гарэць у пекле. Мяне гэта ніколькі не закранула, я толькі ўсміхнулася. Навошта адказваць на негатыў — негатывам?

Наогул у горадзе людзі па-рознаму рэагуюць на мой знешні выгляд. Дзяўчаты і жанчыны часта падыходзяць да мяне і хваляць макіяж, мае яркія вобразы вельмі падабаюцца дзецям. А вось мужчыны, бывае, і крыўднае нешта скажуць.

Але калі раней негатыў мог «забіць мяне ў кут», то цяпер я не звяртаю на гэта ніякай увагі. У мяне ўсё проста: я раблю тое, што мне падабаецца, і я ведаю, што ёсць людзі, якім мае вобразы даспадобы — гэта галоўнае.

Даша Грыцкевіч. Фота: Мікіта Пятроўскі

Даша Грыцкевіч. Фота: Мікіта Пятроўскі

Мне здаецца, у тым, каб зрабіць свет крышачку ярчэйшым, няма нічога дрэннага!

«Чалавек з яркай знешнасцю — прадмет для асуджэння і кпінаў»

Аўгуст, 18 гадоў:

— Я — творчы чалавек: вучуся ў музычным каледжы, пішу музыку на свае вершы, а з нядаўняга часу захапілася татуіроўкай. Думаю, адсюль у мяне і жаданне стварыць сабе яркую знешнасць: лічу, што творчай і яркай можна быць не толькі ўнутры, але і звонку.

Аўгуст. Фота: Мікіта Пятроўскі

Аўгуст. Фота: Мікіта Пятроўскі

У мяне ўсё пачалося з прычоскі. У інтэрнэце я натрапіла на такі стыль знешнасці, як «тамбой» (гэта калі дзяўчыны выбіраюць зручнае адзенне ў стылі унісэкс і аддаюць перавагу кароткім прычоскам, якія падышлі б хлопцам), які і стаў адпраўным пунктам у фарміраванні майго стылю. У 15 гадоў я наўмысна пачала стрыгчыся больш каротка, чым дазвалялі бацькі. З кожнай наступнай стрыжкай мае валасы станавіліся ўсё карацейшымі, і ў нейкі момант бацькі змірыліся з гэтым, сказаўшы «рабі, што хочаш».

У той жа час я прыдумала і свой псеўданім — Аўгуст (Жнівень). Гэты месяц у мяне звязаны з вельмі яркімі і светлымі падзеямі ў жыцці, а з псеўданімам асацыюецца ўвесь мой вобраз. Па-за вучобай я заўсёды Аўгуст, так мяне клічуць літаральна ўсе сябры і знаёмыя, а на вучобе я Анастасія.

Калі я вызначылася са стылем прычоскі, пачалося частае афарбоўванне валасоў: я фарбавалася літаральна ва ўсе колеры вясёлкі! А ў 17 гадоў упершыню пазнаёмілася з такім відам мадыфікацыі цела, як пірсінг.

Аўгуст. Фота: Мікіта Пятроўскі

Аўгуст. Фота: Мікіта Пятроўскі

Самы смелы эксперымент над сабой на дадзены момант — гэта «смайл», від праколу вуздзечкі верхняй губы. Пірсінг атрымаў сваю назву невыпадкова: упрыгажэнне можна ўбачыць толькі калі чалавек усміхаецца. Усё рабіла сама, ноччу, пад святлом настольнай лямпы, узброіўшыся катэтарам і маленькім люстэркам.

Бацькі ставяцца да майго стылю абсалютна нармальна, заўсёды мяне падтрымліваюць. Непаразуменне ўзнікае хутчэй са старэйшым пакаленнем. Да прыкладу, аднойчы мне давялося пачуць фразу «з табой ніхто не будзе мець зносінаў, твая знешнасць непрымальная для вучобы». Але пасля таго, як я кардынальна змяніла знешнасць, людзі, наадварот, пачалі да мяне цягнуцца. У каледжы і кампаніях мяне лічаць лідарам, што, безумоўна, вельмі прыемна.

Аўгуст. Фота: Мікіта Пятроўскі

Аўгуст. Фота: Мікіта Пятроўскі

Шкада, але ў Баранавічах чалавек з яркай знешнасцю — гэта хутчэй прадмет для асуджэння і кпінаў. Многія, можа быць, і хацелі б стаць ярчэйшымі, але баяцца касых поглядаў. У нас нібы не прынята вылучацца, гэта гняце.

«Начальства рэгулярна папракала мяне ў тым, што я павінна хаваць татуіроўкі на руках»

Дар'я, 35 гадоў:

— Мяне заўсёды прыцягвала яркая і незвычайная знешнасць. Яшчэ будучы падлеткам, я пастаянна фарбавала валасы ў яркі колер, запляталі сабе дрэды і сенегальскія косы, адчувала слабасць да татуіроўкі.

Дар'я. Фота: Мікіта Пятроўскі

Дар'я. Фота: Мікіта Пятроўскі

На першае тату я рашылася ў 23 гады. І паступова «запаўняла» сваё цела ўсё новымі і новымі малюнкамі — на руках, нагах, жываце… У лютым мінулага года я цалкам «закрыла» спіну — гэта складаная тэхнічна, маштабная татуіроўка, праца над якой вялася гадамі.

Складана перадаць словамі, што татуіроўкі значаць для мяне. Я з імі — адно цэлае, адчуваю кожную з іх і не ўяўляю сябе без тату. Добрая і якасная татуіроўка — гэта адказны крок і вельмі нятаннае задавальненне. Я раблю гэта перш за ўсё, каб падабацца самой сабе.

Да 30 гадоў я хавала татуіроўкі ад мамы (яна ў мяне чалавек старой загартоўкі), але ў нейкі момант злавіла сябе на думцы, што я дарослы чалавек, гэта маё цела і я магу рабіць з ім усё, што захачу. Мама прыняла мяне такой, якая я ёсць.

Але быць яркім у Баранавічах, я лічу, маральна складана. У нас дзіка неталерантныя і нетактоўныя людзі. Шэры натоўп, заўважыўшы кагосьці яркага і незвычайнага, тут жа прымаецца яго абмяркоўваць, тыкаць у яго пальцам, а бывае, і абражаць.

На маёй папярэдняй працы мне пастаянна рабілі заўвагі, начальства казала, што я павінна хаваць татуіроўкі на руках, праз гэта мне даводзілася нават у спякоту працаваць з доўгім рукавом. У нейкі момант такое стаўленне проста мяне ўзвар'явала, і я звольнілася.

Нядаўна таксама быў выпадак. У мяне былі зялёныя сенегальскія касічкі, мы стаялі з мамай на вакзале ў Брэсце, да нас падышоў нейкі дзядзька і, зірнуўшы на маю прычоску, выгукнуў: «Фу, якая брыдота!». Я не надала гэтаму асаблівага значэння, але асадак, безумоўна, застаўся.

Стэрэатыпы і рамкі, у якія людзі самі сябе заганяюць, толькі ўскладняюць жыццё іншым людзям, якія, наадварот, імкнуцца зрабіць гэты свет ярчэйшым. Бо прыгожы чалавек — гэта перш за ўсё добры чалавек, які прымае астатніх такімі, якія яны ёсць.

Клас
43
Панылы сорам
20
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
4