Фота Мінабароны Расіі

Фота Мінабароны Расіі

Новыя «рэкамендацыі» пачынаюцца з ключавога ўказання для прапаганды: «Важна супакоіць аўдыторыю — нічога істотнага не памянялася!»

У пацверджанне гэтага тэзіса прапагандысты павінны расказаць, што ваеннае становішча абвешчана «толькі ў чатырох тэрыторыях» (гэта значыць у анексаваных украінскіх рэгіёнах), дзе яно альбо ўжо было ўведзена да «далучэння да Расіі», альбо «дзейнічала па фактычным становішчы рэчаў» (гэта і праўда так).

Абмежаванні, якія ўводзяцца ў іншых рэгіёнах, «рэкамендуецца» тлумачыць клопатам аб «абароне крытычна важнай інфраструктуры».

У цэлым жа адміністрацыя прэзідэнта (АП) РФ «раіць» прапагандзе правесці паралель паміж увядзеннем ваеннага становішча і расійскім досведам барацьбы з кавідам. Тады, як і цяпер, расійскія губернатары атрымалі дадатковыя паўнамоцтвы, а на федэральным узроўні каардынацыяй працы займаліся прэм'ер Міхаіл Мішусцін і мэр Масквы Сяргей Сабянін.

У тэксце, падрыхтаваным у АП, прапагандыстам «рэкамендуюць» зрабіць акцэнт на тым, што цяпер чыноўнікі зоймуцца «мабілізацыяй прамысловасці, арыентаваннем эканомікі на працу пад задачы арміі і мерамі падтрымкі мабілізаваных і іх сем'яў». Асобна ў метадычцы Крамля адзначана, што гэта будзе суправаджацца «скарачэннем бюракратыі».

«Выкарыстоўваецца вопыт барацьбы з каронавірусам, калі усё мянялася хутка», — падкрэслілі складальнікі дакумента ключавы тэзіс.

Прапагандысты — як і сам Уладзімір Пуцін — увесь час сцвярджаюць, што Расія вельмі эфектыўна справілася з пандэміяй. Напрыклад, у 2021 годзе Пуцін разважаў пра гэта так:

Там [на Захадзе] высокі ўзровень аховы здароўя і прамысловасці, дасягненні выдатныя, нам яшчэ далёка па некаторых напрамках да іх, але гэта для пэўнай публікі. А ў нас — для пераважнай большасці насельніцтва. І здольнасці да мабілізацыі ў іх няма, як аказалася, у нас лепшая. Мабілізацыя ўсёй сістэмы аховы здароўя і прамысловасці [у Расіі] апынулася проста непараўнальна вышэйшая, чым у еўрапейскіх краінах і Штатах, там наогул проста развал нейкі.

Гэтая адзнака мае мала агульнага з рэальнасцю. Як неаднаразова распавядалася, Расія праваліла кампанію вакцынацыі (хоць вельмі рана змагла вырабіць вакцыну); пры гэтым улады з эканамічных меркаванняў адмовіліся ўводзіць жорсткія абмежаванні, якія маглі б згладзіць большую частку «хваляў» эпідэміі. У выніку, па падліках навукоўцаў, смяротнасць у Расіі ад каранавіруса апынулася адной з самых высокіх у свеце, як у абсалютным выражэнні (лішкавая смяротнасць — каля 1,2 мільёна чалавек), так і на душу насельніцтва (больш 800 на 100 тысяч чалавек).

Клас
1
Панылы сорам
8
Ха-ха
27
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
5