Я шмат чытала артыкулаў на тэму «Як арандаваць жыллё», але ўсе яны былі напісаны людзьмі, што шукалі кватэру. Даваліся характарыстыкі кватэрам, гаспадарам кватэры, кватэрным агентам і г.д. А што ж з сябе ўяўляюць самі наймальнікі кватэр? Піша кватэрная гаспадыня з Мінска.

Жыў з мамай

Асабліва хацелася б выдзеліць у гэтым шэрагу мужчынаў. Часам здаецца, што палова з іх — нейкія наглаватыя летуценнікі, якія не ведаюць рэальнага жыцця. Яны прывыклі, што ў горадзе ім забяспечаныя льготныя чэргі на жыллё, перавагі пры ўладкаванні на працу, лепшыя школы і гурткі для дзяцей. Дык і лічаць, што ім усе вінны, як зямля калгасу.

Прыходзіць такі здымаць кватэру. Кватэра чыстая, новая кафля ў ванным пакоі, добрая мэбля і сантэхніка, невысокая цана. Агент шэптам кажа: «Гэта ўжо дзесятая кватэра, якую ён глядзіць. Замучылася вазіць». Мужчына звоніць жонцы, здаецца, кватэра падыходзіць. Высвятляецца, што ў сям’і двое малых. Для нас, гаспадароў, не найлепшы варыянт: могуць і сцены фламастэрам скрэмзаць, штосьці зламаць — вядома, дзеці.

Але мы — філосафы, бярэм усіх. Усім трэба жыць.

Сямейка засяляецца, праходзяць два тыдні. Званок па тэлефоне:

— Добры дзень, гэта вашы кватаранты. Ведаеце, мы хацелі б, каб вы паставілі нам новыя пластыкавыя вокны.

— А чым вас не задавальняюць тыя, што ёсць?

— Вокны добрыя, але мы хочам пластыкавыя.

Пасля доўгіх перамоваў пытанне здымаецца, вокны застаюцца. Першая атака адбітая. Праходзіць два тыдні:

— Алё, добры дзень, гэта вашы кватаранты. Пастаўце нам новую газавую пліту.

— А чым вас не задавальняе тая, што ёсць?

— Пліта нармальная, але цяпер новыя стандарты, трэба ўдасканальваць вашу кватэру, падвышаць узровень.

Праз месяц:

— Алё, добры дзень, у нас зламаўся тэлевізар, адрамантуйце.

Яшчэ праз некаторы час:

— Алё, у нас зламаўся кран.

— …???

Мэбля ў кватэры ўся перастаўленая. Гаспадарскі пісьмовы стол разбухае ад вільгаці на балконе: вынеслі, каб не замінаў. Песня!

Дарэчы, сантэхніку крышыць амаль кожны другі кватарант.

Зрываюць галоўкі з кранаў, некаторыя вырываюць і сам кран, б’юць унітазы і ўмывальнікі. Умывальнік, пабіты шклянкай — візітоўка кватаранта.
Як і затаптаныя брудным абуткам дываны, залітыя кавай крэслы, у тлустых плямах шторы (відаць, выцерлі рукі, далёка было ісці за ручніком). Затое, як прыдзірліва аглядаецца кватэра пры засяленні, усе любяць, каб было чыста.

Але вернемся да нашых любімых мінчукоў. Гэтым падавай у асноўным еўрарамонт і, пажадана, па самай нізкай цане. Яны гадамі жывуць з мамамі, бясконца ходзяць аглядаць кватэры, бясконца дураць галаву агентам і кватэрным гаспадарам і вераць у сваю мару, што дзесьці іх чакае кватэра за 200 даляраў на месяц з аўтарскім дызайнам, італьянскай кухняй і сантэхнікай.

Тыповая сцэна. Заходзіць малады чалавек гадоў каля трыццаці, аглядае кватэру. Топчацца, як конь. Бачым, што падабаецца, пытаемся, ці будзе здымаць. Адказвае: «Ведаеце, у вас добрая кватэра, але паўгода назад я бачыў адну кватэрку, яна была такая прыгожая, нават з камінам і танная. Гаспадар тэрмінова з’язджаў, таму і здаваў нядорага, а я нешта не наважыўся зняць. Цяпер хачу такую ж, з камінам». Пытаемся, дзе ён жыў паўгода. Адказвае: «Як дзе? З мамай».

У кожнага другога такога, які толькі што прыйшоў ад мамы — незалежна, халасцякі ці сямейныя, — у вачах напісана: «Хачу «еўра». Як некалі казаў мой сын: «Скажыце дзякуй, што за такія грошы ў мяне тут яшчэ не «афра».

Падазраю, бальшыня іх з мамамі жывуць у сціплых кватэрах з савецкімі секцыямі і беларускімі шпалерамі. Адкуль такія прэтэнзіі?

Калі з’язджаюць, шкадуеш

Але ёсць і другая катэгорыя мінчан. Калі вам пашчасціць з імі сустрэцца, гэта будуць вашы любімыя кватаранты. Звычайна гэта людзі, якія робяць рамонт у сваіх кватэрах, альбо будуюць большую кватэру, папярэдне прадаўшы меншую, і ім трэба часова наймаць жыллё. Паводзяць яны сябе сціпла і адэкватна, з павагай ставяцца да вашай маёмасці і да вас саміх. Калі ім спатрэбіцца дадатковая палічка, абавязкова спытаюць, ці можна яе павесіць. Плацяць своечасова і не вымагаюць ад вас ніякага «еўра». «Еўра» яны сабе зробяць самі ў сваіх кватэрах. Калі яны з’язджаюць, шкадуеш аб такіх кватарантах і становіцца трывожна: што ж чакае наперадзе?

Галоўнае — добры касір

А наперадзе нас чакае другая катэгорыя наймальнікаў кватэр. Зборныя калектывы. Гэта могуць быць студэнты альбо працоўная моладзь. О! З імі вам сумаваць не давядзецца.

Звычайна, гэта калектывы з трох чалавек, але толькі напачатку. Рыхтуйцеся, што пасля засялення іх колькасць можа расці. Калі плошча кватэры і колькасць пакояў дазваляе, у хуткім часе з’явіцца чацвёрты, а там і пяты, а ў сесію можна і болей, бо пад’едуць знаёмыя завочнікі і лепшага месца за вашу кватэру ім знайсці не ўдасца.

І асабовы склад будзе мяняцца. З тых трох хлопцаў ці дзяўчат, што засяліліся спачатку, можа застацца адзін, а на месца іншых прыйдуць новыя, вам незнаёмыя асобы. Прычым, паводзіць яны сябе будуць наглавата, бо кватэрку не шукалі, а прыйшлі на гатовае і думаюць, што ўсё ў жыцці так проста. Пра парадак у кватэры можаце забыць, добра, калі хто‑небудзь вынесе смецце. Выхоўваць іх не мае сэнсу. Калі іх не выхавала мама ці школа, вам гэта наўрад ці ўдасца. Застаецца ці змірыцца з сітуацыяй, ці змяніць кватарантаў.

Але, калі ў кампаніі ёсць добры касір, які збірае грошы і ў час з вамі разлічваецца, варта крыху пацярпець: такія калектывы недаўгавечныя, яны самі пасварацца між сабой і пакінуць вашу кватэру. А вы бярыцеся за справу: трэба ж усё адмыць, адрамантаваць.

Асабліва здзіўляе, што хлапечыя калектывы, як правіла, прыносяць менш клопату. Яны больш трывалыя, мінімум асабістых рэчаў, больш парадку ў кватэры і больш адказнасці. У дзяўчат можа быць прахадны двор. Перажывуць усе сяброўкі з Мінска і ваколіц, сваякі і знаёмыя, перыядычна з’яўляюцца хлопцы. Мы, вядома, не супраць (справа маладая), але ж з уборкай праблема. Я за Кацяй прыбіраць не буду, а я — за Машай, а я — за Валяй. У выніку прыбрацца няма каму.

Але ўсё адно ёсць станоўчыя моманты. З моладдзю прыемней працаваць. Яны больш непасрэдныя, адкрытыя, вясёлыя — не такія закасцянелыя, як людзі сталага веку. Нягледзячы на ўсе праблемы, успамінаеш пра такіх кватарантаў з усмешкай і, здаецца, сам крышачку маладзееш.

Памяняйце стальніцу

Іншаземцы, якія здымаюць кватэры, гэта ў асноўным выхадцы з ісламскіх краін, што вучацца ў Беларусі. Лівія, Іран, Ліван і г.д. Трэба мець на ўвазе, што гэта людзі з іншым менталітэтам. Часта гэта сем’і з дзецьмі, бацькі вучацца ў аспірантуры. У цэлым паводзяць яны сябе нармальна, таму што іх прыціскае абавязковая рэгістрацыя па месцы жыхарства. Каб не рэгістрацыя, мусіць, качавалі б з кватэры на кватэру, бо, як у тым анекдоце, «там ужо попельніца поўная». Праз два месяцы пасля засялення вы кватэру не пазнаеце, усё будзе перавернута і раскідана. Яны будуць паціскаць плячыма і казаць: «Дзеці, што зробіш?» Жанчыны будуць бясконца нешта гатаваць на кухні, а суседка вам па сакрэце скажа, што ўчора да вашых кватарантаў прыходзілі госці з дзецьмі, дык яна думала, што разнясуць сцены.

Яшчэ я раздзяліла б арабскіх кватарантаў на дзве катэгорыі: сярэдні клас і эліта. З кватэрамі абыходзяцца ўсе аднолькава, а вось з гаспадарамі кватэр — па‑рознаму. Людзі сярэдняга класа больш узважаныя. Яны і сваё хочуць атрымаць, і гаспадарам ідуць насустрач. Калі, напрыклад, дзеці пабілі шкло ў дзвярах, без праблем аплачваюць новае.

А вось калі натрапіце на сына дыпламата, рыхтуйцеся, што з вамі ён будзе спрабаваць абыходзіцца, быццам вы яго слуга:

прынясіце гэта, зрабіце тое, укруціце лямпачку, завязіце дыван у хімчыстку, а то дзеці залілі кавай, памяняйце стальніцу на кухні, а то жонка яе спаліла. Вы скажаце, што за гэта яму трэба заплаціць грошы, і пачуеце ў адказ, што стальніца згарэла сама, і што «стальніца быў благі, і кватэра быў благі, і людзі ў Беларусі жывуць благі». Пасля высялення такіх кватарантаў прыйдзецца рабіць касметычны рамонт.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што бывае і наадварот. З усіх кватарантаў я запомніла жонку аднаго аспіранта — Фузію. У кватэры заўсёды была чысціня, яна старанна вучыла рускую мову і рвалася на работу, была настаўніцай.

За дзесяць даляраў і шкляныя пацеркі

З замежнікамі з еўрапейскіх краін я сустракалася мала, але некаторыя назіранні ўсё ж такі зрабіла. У асноўным гэта маладыя людзі да трыццаці гадоў, студэнты ці шукальнікі прыгод і беларускіх дзяўчат. Ёсць і іншая катэгорыя — бізнэсмэны ці чыноўнікі. Але яны здымаюць дарагія кватэры, з імі я не сустракалася. А вось першая катэгорыя надзвычай эканомная. Справа не ў тым, што ў іх няма грошай. Проста яны лічаць, што ў такой беднай краіне, як Беларусь, за дзесяць даляраў і шкляныя пацеркі яны могуць атрымаць усё, што пажадаюць. І хоць у нас арэнда кватэр вельмі танная ў параўнанні з Еўропай, плацяць яны неахвотна.

Ну, і нашы бліжэйшыя суседзі. Украінцы — кантактныя і гаваркія, любяць абмеркаваць падзеі ва Украіне, крытыкуюць сваё кіраўніцтва, цікавяцца, як жывём мы, і любяць параўноўваць. Любяць пажартаваць і пасмяяцца. Расіяне маўклівыя, быццам захоўваюць нейкую вялікую таямніцу. Тэмы абмяркоўваюць павярхоўна і абцякальна. Пра сваё кіраўніцтва гавораць, як пра нябожчыкаў: альбо добра, альбо ніяк. Увесь час расказваюць, як у іх у Расіі ўсё паляпшаецца, паглыбляецца і пашыраецца. У побыце падобныя да беларусаў.

Падводзячы рысу, хачу сказаць, што не прэтэндую на аб’ектыўнасць, гэта ўсяго толькі мой асабісты жыццёвы досвед. А калі хто пазайздросціць лёгкаму хлебу кватэрных гаспадароў, магу запэўніць — праблем у нас хапае. Працаваць у сферы паслуг, кожны раз сутыкаючыся з новымі людзьмі, не такі ўжо і просты занятак.

Проста Зоя, кватэрная гаспадыня, Мінск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0