«Адным з прыярытэтаў у дзейнасці ў якасці прадстаўніка пераходнага кабінета Беларусі для мяне з’яўляецца крымінальнае праследаванне падазраваных у катаваннях беларусаў», — заявіў Латушка.

Як пакараць вінаватых у катаваннях?

«Спосабаў тры: міжнародныя трыбуналы, нацыянальная і ўніверсальная юрысдыкцыі. Найбольш перспектыўнай зʼяўляецца ўніверсальная юрысдыкцыя — праца ў яе рамках магчымая як на міжнародным, так і нацыянальным узроўнях», — распавядае Латушка.

Галоўнае юрыдычнае абгрунтаванне пераследу — артыкул 5 Канвенцыі супраць катаванняў. Выкарыстоўваць яго складана: рэжым не выдае вінаватых краінам, якія гатовыя ўжыць дакумент.

Нават калі злачынец апынецца ў такой краіне, павінна супасці шмат фактараў:

— пацярпелы апазнаў падазраванага;

— знаходзіцца ў той жа краіне, што і падазраваны;

— не баіцца заявіць пра злачынства;

— знаходзіць гатовага ўзяцца за справу адваката, складае заяву аб распачынанні справы і перадае праваахоўнікам;

— у паліцыі і пракуратуры справе даюць ход у той тэрмін, калі падазраваны яшчэ ў краіне. 

«Але можна паставіць больш рэальную мэту: дамагчыся міжнароднага вышуку падазраванага», — кажа Латушка.

Плюсы такога варыянта:

— прысутнасць падазраванага ў краіне распачынання справы не зʼяўляецца неабходнай;

— задакументаваных даных пра катаванні дастаткова;

— у злачынстваў супраць чалавечнасці няма тэрміну даўнасці;

— падазраваны не зможа выехаць з Беларусі ў іншую краіну свету, акрамя Расіі, пад пагрозай быць затрыманым на падставе звестак інтэрпала;

— бестэрміновасць абвінавачванняў будзе стымуляваць выдаць вінаватых для зняцця санкцый з Беларусі.

«Калі хаця б некалькіх датычных да катаванняў атрымаецца абвясціць у вышук, гэта стане важным сусветным прэцэдэнтам, які дазволіць у будучыні лягчэй адкрываць падобныя справы і дамагацца пакарання», — кажа Латушка.

Наколькі гэта рэальна? Паводле яго, Германія і Іспанія ўжо маюць свае практыкі, удалыя прыклады правасуддзя па ўніверсальнай юрысдыкцыі, у рамках якой разглядаюць справы пра катаванні. Вялікабрытанія — таксама перспектыўная, бо яе сістэма дазваляе падаваць заявы па ўніверсальнай юрысдыкцыі без наяўнасці ў пацярпелага ці падазраванага цеснай сувязі з каралеўствам. Аднак на іх тэрыторыі пакуль няма адкрытых спраў пра катаванні ў Беларусі. Каманда НАУ і створаны Кабінет праводзяць актыўныя кансультацыі са спецыялістамі з гэтых краін.

Пакуль найбольш рэалістычным, паводле Латушкі, выглядае супрацоўніцтва з Польшчай і Літвой. Гэтыя дзве краіны найбольш актыўна падтрымліваюць ідэю пакараць вінаватых у рэпрэсіях. У Літве ўжо ёсць адна адкрытая справа ў сувязі з катаваннямі ў Беларусі.

Латушка таксама звярнуўся да беларусаў, якія могуць апазнаць кагосьці са злачынцаў, маюць якія-небудзь доказы іх датычнасці да злачынстваў, гатовыя супрацоўнічаць са следствам і даць паказанні ў літоўскай паліцыі, і папрасіў звязацца з юрыстамі праз чат-бот НАУ: @nau_by_bot.

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2