7000 даляраў за тры тыдні за чацвярых

Такую суму сям’я Марыны (імя зменена) патраціла на адпачынак без уліку візаў. Яны былі ў Літве, Грэцыі, Італіі, Аўстрыі, Латвіі.

«У нас атрымаўся вельмі дарагі адпачынак, але ў ім мы не былі з 2019-га. Тры гады збіралі грошы. Вырашылі, што ў наш час цяжка нешта прагназаваць, лепш укладацца ў добрыя эмоцыі і развіццё светапогляду свайго і дзяцей», — кажа жанчына. 

За квіткі на аўтобус з Мінска да Вільні сям’я з чатырох чалавек аддала 72 даляры, на самалёт Вільня-Афіны — 162, адтуль да Венецыі — 250 даляраў. Цягнік да Вены каштаваў 76 даляраў на ўсіх, самалёт адтуль да Рыгі — 165. 

Вена, Аўстрыя. Фота: wikiway.com

Вена, Аўстрыя. Фота: wikiway.com

«За жытло ў Афінах, яно было каля мора, аддалі 423 даляры за 14 дзён, у Венецыі — 495 за 4 дні. У Вене — 212 за дзве ночы, у Рызе — 165 за тры дні, у Вільні — 65 даляраў за адну ноч. Усюды жылі ў кватэрах.

Больш за ўсё пайшло на жытло, ежу ў рэстаранах, паходы ў музеі, заапаркі, атракцыёны, падарункі, перамяшчэнні на таксі — агулам 4,5 тысячы. Самае дарагое жытло, канешне, у Венецыі. 

Білеты ў музей у Вене каштавалі 16 еўра за дарослага, дзецям бясплатна, заапарк у Грэцыі — 60 еўра за чацвярых, Акропаль — 15 еўра за чалавека», — апісвае траты жанчына. 

700 даляраў за дзесяць дзён за аднаго 

Гэтым летам Аляксей (імя зменена) быў у Грузіі. 

«З Мінска ехаў на аўтобусе праз Расію да Батумі. Пуцёўка каштавала 400 даляраў, туды ўваходзіў пераезд, экскурсія ў Тбілісі, Мцхеце, пражыванне ў гатэлі (4 зоркі) са сняданкам. Плюс яшчэ траты на ежу. Не лічыў, колькі на яе траціў, але купляў усё ў краме. У кафэ два разы толькі хадзіў.

Батумі, Грузія. Фота: wikiway.com  

Батумі, Грузія. Фота: wikiway.com

Патраціў таксама па 25 даляраў за экскурсіі ў манастыры і прыродныя аб’екты. Яшчэ самастойна ездзіў па ваколіцах Кабулеці, на гэта — каля 20 даляраў. Сувеніры для блізкіх — каля 60. Дзяўчыне набыў ювелірны выраб — 40 даляраў, сябру віно — 6», — пералічае хлопец. 

Грошы на адпачынак ён адклаў за год.

Каля 2000 еўра за дзесяць дзён за чацвярых

Валер (імя зменена) жыве ў Германіі. Гэтым летам ён разам з сям’ёй ездзіў адпачываць у Харватыю, Боснію і Чарнагорыю. Атрымаўся трып па Балканах.

«Мы не планавалі кудысьці ехаць, але ўбачылі квіткі па 5 еўра ў Заграб і не здолелі ўтрымацца. Звычайна ездзім так, што квіткі назад не набываем. Атрымліваецца такі фрырайд. У гэты раз таксама.

Котар, Чарнагорыя. Фота: асабісты архіў 

Котар, Чарнагорыя. Фота: асабісты архіў 

Начны пераезд Заграб-Сараева на аўтобусе — 90 еўра на чатыры чалавекі. У Босніі дастаткова танна. Пабылі ў сталіцы і паехалі ў Мостар, ён больш турыстычны горад. Ехалі цягніком — 12 еўра на дарослага. Там такія шыкоўныя краявіды за акном, што я быў гатовы заплаціць больш. У Мостары мы правялі два дні і паехалі ў Чарнагорыю таксама аўтобусам. З Мостара ў Котар — 90 еўра на аўтобусе на ўсю сям’ю», — расказвае ён. 

Максімальна танна для Валера было ў Босніі. Зняць кватэру на суткі там каштуе 40-50 еўра.

«У Мостары за начлег заплацілі 45 еўра. 

У Заграбе дастаткова дорага было — 80 еўра за суткі. Былі там адзін дзень. Не ведаю, чаму, але ў цэлым там мала вольных кватэр. Максімальна наш бюджэт «праела» Чарнагорыя, там цэны на арэнду кватэр на суткі стартавалі ад 100 еўра. Можна было моцна сэканоміць, калі ехаць без дзяцей, спаць у якім-небудзь парку.

На першыя два дні мы знялі жытло за 130 еўра з басейнам, яно было адным з самых танных і ў максімальна прыгожым месцы. Пасля яшчэ на два дні знайшлі лепшы варыянт — за 70 еўра, блізка да пляжа. Такія варыянты з’яўляюцца рэдка», — кажа ён. 

Сараева, Боснія. Фота: асабісты архіў

Сараева, Боснія. Фота: асабісты архіў

Пляжны адпачынак Валер не любіць. Таму пасля трох дзён у Котары каля мора сям’я паехала яшчэ на суткі ў горы.

«Там кошт жытла стартуе ад 20 еўра. Але мы ўзялі кватэру даражэйшую, дакладна не памятаю, за якія грошы.

Не вельмі шмат патрацілі на музеі. У адзін мы ішлі платна ў Заграбе, у Сараева — бясплатна. Больш гулялі. У Сараева траціліся на пад’ёмнік — каля 20 еўра. На ежу сышло грошай не так шмат, асабліва ў Босніі. Харчаваліся ў кавярнях, рэстаранах. У Мостары ўчатырох можна было паесці на 25 еўра ў рэстаране.

Вяртанне назад у Германію каштавала нам дорага, лоўкостаў не было. Заплацілі 560 еўра», — падсумоўвае Валер.

Каля 3000 еўра за шаснаццаць дзён за аднаго 

Аляксандр (імя зменена) гэтым летам ездзіў у Грэцыю, на востраў Корфу. 

«Ляцеў з Вільні. Квіткі браў дзесьці за паўтара месяца — 300 еўра. Хацелася б, канечне, танней, але такіх не было. Усё ж у Грэцыю вельмі шмат людзей ездзяць адпачываць.

Жытло — амаль што 2000 еўра. Але гэта каля мора. Здымаў апартаменты, але спачатку глядзеў гатэлі. Калі браць іх, то атрымалася б за два тыдні каля 3000-3500 еўра, вельмі дорага. Астатняе патраціў на ежу: вячэраў кожны дзень у рэстаране, астатняе купляў у краме. Можа, каля 20 еўра патраціў на квіткі на аўтобус, едзіў па востраве. У музеі не хадзіў, нават не ведаю, ці ёсць яны там. 

Востраў Корфу, Грэцыя. Фота: wikiway.com

Востраў Корфу, Грэцыя. Фота: wikiway.com

Яшчэ патраціў каля 70 еўра на экскурсію на вінакурню. І там закупіўся віном. 

У цэлым гэта быў па кошце такі ж самы мой адпачынак, як і ў мінулым годзе. Можа, на 500-600 еўра даражэйшы. Нехта скажа: нічога сабе, колькі ён траціць грошай! А я лічу, што на адпачынак шкадаваць не трэба. Я шкадую грошы толькі на новую тэхніку, тэлефон, напрыклад. На гэтае падарожжа большую суму я адклаў за год і яшчэ ўзяў тое, што раней збіраў», — расказвае хлопец.

Чытайце таксама: 

У адпачынак на самалёце. Куды і пачым можна паляцець з Мінска, Варшавы і Вільні

Куды паехаць. Закапанэ і польскія Татры — горы і шалёныя панарамы

У ліпені беларусы і ўкраінцы заплацілі падаткаў у Літве амаль на 10 млн еўра

Клас
6
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1