Аляксей вырас у вёсцы Равяцічы, што ў Брэсцкай вобласці. Як і ўсе, марыў калі-небудзь вырвацца з цеснаты сельскай рэчаіснасці ў вялікі горад. Залатым білетам у новае жыццё стала паступленне ў сталічны педагагічны ўніверсітэт.

— Я вывучаў біялогію і геаграфію на факультэце прыродазнаўства, паралельна займаўся тайскім боксам. Даволі паспяхова — нават стаў кандыдатам у майстры спорту. Але на чацвёртым курсе я вырашыў кінуць вучобу. Зразумеў, што будучыня ў настаўніка незайздросная, а я не мясцовы, за плячыма нічога няма, бацькі не бізнэсмены… трэба самому круціцца, каб была стабільнасць, — успамінае малады чалавек.

Беларус уладкаваўся ахоўнікам у казіно, паралельна працаваў інструктарам сёрфінг-трэнажора ў аквапарку «Лебядзіны».

— Да мяне прыходзілі трэніравацца вядомыя людзі, уладальнікі вядомай мінскай установы «Шцірліц» Улад Брыштэль і Сяргей Мельнічэнка. У нейкі момант яны прапанавалі мне паспрабаваць сябе ў якасці памочніка бармэна. Я разумеў, што сфера для мяне новая, шмат чаго трэба даведацца. І ўсё-такі пагадзіўся.

Наступныя шэсць месяцаў Аляксей, што называецца, вучыўся добраму сэрвісу: прыгожа націраў куфлі, каб не заставалася адбіткаў пальцаў на шкле, сачыў, каб попельніцы заўсёды былі чыстымі, а на бары заўсёды знаходзіўся лёд.

— Самае галоўнае, што я зразумеў у «Шцірліцы» — у цябе не будзе другога шанца, каб зрабіць на госця першае ўражанне. Таму трэба адразу даваць яму ўсё самае лепшае. Гэтую ідэю я пранёс праз усю сваю прафесійную кар'еру — аж да ўласнага бара.

Вядома, гатаваць кактэйлі Аляксей таксама пачаў — і класічныя, і аўтарскія. Кажа, першы год сам іх нават не каштаваў. Усё таму, што вёў выключна здаровы лад жыцця — займаўся спортам, не піў, не паліў. Так што знаёмае многім спалучэнне рому з колай для яго было чымсьці загадкавым.

— Першы час у мяне мала што атрымлівалася. Мае калегі нават пыталіся: «Лёша, ты наогул хочаш тут працаваць? Чаму так павольна ўсё схопліваеш?» Мне здаецца, мяне хацелі звольніць тысячу разоў. Пры гэтым грошай практычна не было: я атрымліваў нешта каля 300 рублёў, плюс невялікія чаявыя. На той момант у мяне ўжо была сям'я — жонка, дзіця.

Тады мінчанін уладкаваўся на паўстаўкі ў рэстаран, дзе навучыўся яшчэ і каву варыць, ды так, што мог адзін абслужыць 70 чалавек.

— У мяне касавая стужка проста ляжала на зямлі, я не паспяваў яе адрываць.

Далей быў досвед у іншых топавых установах Мінска — у Grand Cafe, «Тише мыши», Brioche Bistro.

— Аднойчы я зразумеў, што стаміўся ад нецвярозых людзей, тусовак, гучнай музыкі… і пайшоў назад у тайскі бокс — даваў персанальныя трэніроўкі. Праўда, хутка засумаваў і зноў устаў за барную стойку. Але ў той установе ў маіх калег было прынята красці з касы. Мне гэта жудасна не спадабалася, і я звольніўся. На наступны дзень у трэнажорнай зале разгаварыўся з адміністратарам: «Вось бы адкрыць свой маленькі бар, дзе я буду сам рабіць напоі». Гэтую гутарку пачуў мой знаёмы, які спытаў: «А ты дакладна зможаш запусціць усё ў адзіночку?» Я адказаў сцвярджальна. Ён адправіўся ў распранальню і вярнуўся з ключом. Аказалася — ад маленькага памяшкання на праспекце Незалежнасці. Раней там была іншая ўстанова, але яна не стрэліла.

У Аляксея ў заначцы было нешта каля $7000 — даволі сціплая сума для таго, каб адкрыць уласны бар. Таму на нечым давялося эканоміць. Напрыклад, на рамонце — яго малады чалавек практычна цалкам рабіў сваімі рукамі, аж да барнай стойкі. Атрымалася невялікая зала ўсяго на сем пасадачных месцаў.

— Вырашыў прыцягваць гасцей за кошт напояў, а не інтэр'ера. Усе кактэйлі на аснове віскі, пры гэтым іншыя інгрэдыенты я часта гатую сам — нешта дома, нешта прама ва ўстанове. Фіялкавы лікёр, які ў нас рэдка дзе сустрэнеш, розныя фруктовыя пюрэ … Акрамя таго, я моцна заганяюся над падачай — напрыклад, у нас ёсць ікра з алкаголю, жэле. Адзін кактэйль мы падаём з араматызаваным паветраным шарыкам, які трэба лопнуць, перш чым пачаць дэгустацыю.

У SMENA кожныя тры месяцы цалкам мяняецца меню. Папярэдняе было натхнёнае знакамі задыяку, цяперашняе — вядомымі карцінамі. У бары можна пакаштаваць «Чорны квадрат» Малевіча, «Сланечнікі» Ван Гога і нават «Дзяўчыну з жамчужнай завушніцай» Вермеера.

— Каб людзі лепш разумелі канцэпцыю, па суботах мы ладзім мастацтвазнаўчыя вечарыны, на якіх расказваем пра мастакоў і іх палотны.

Па словах уладальніка, яго бар ідэальна падыходзіць для пачатку ці канца вечара, калі чалавеку яшчэ (ці ўжо) не патрэбныя шумныя вечарынкі, а хочацца проста выпіць чагосьці смачнага, паслухаць джаз, пагаварыць.

— Хоць месца і прахадное, амаль усе наведвальнікі — гэта мае старыя кліенты, якія разам са мной вандруюць ад аднаго бара да іншага. Я ўжо выдатна ведаю іх густы і адгадваю без слоў. Напэўна, таму яны ўсё яшчэ са мной.

Пакуль Аляксей працуе ў SMENA адзін. Кажа, яго гэта цалкам задавальняе.

— Для мяне гэта вопыт. Як быццам я адкрыў бар у першую чаргу для сябе, а потым ужо для іншых.

Установа адкрытая кожны дзень з 18:00 да 23:00. Знаходзіцца па адрасе праспект Незалежнасці, 18.

Клас
17
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1