Карэспандэнт «Нашай Нівы» як фізічная асоба спытаў у прадаўцоў, ці ёсць на тавар з такімі коштамі попыт і ці магчымы торг.
Вось усяго некалькі аб'яў на «Куфры»
Прадаўцы абгрунтоўваюць такую цану на тавар тым, што ён стаў дэфіцытным: «у крамах яго няма». Але кажуць, што гандаль дарэчны. Праўда, калі мы прапанавалі ў размове 10 рублёў за пачак, нам адмовілі ва ўгодзе.
«Гэта проста дэфіцыт, у нас гэтай солі няма. А па 1,5 кілаграма тым больш», — патлумачыў прадавец.
Яшчэ адзін з прадаўцоў пагадзіўся прадаць апошні пачак за 10 рублёў, «не менш», але толькі таму, што ён застаўся адзін.
«Астатняе хутка разабралі, было 12 пачкаў», — распавёў мужчына, які апублікаваў аб'яву суткі таму.
Аўтар яшчэ адной аб'явы падзяліўся, што выклаў прапанову ў сеціва ў тры гадзіны ночы, а ўжо на 11 гадзін дня ў яго засталося 9 пачкаў з 15 — дэфіцытную соль разбіраюць па заяўленай цане — 50 рублёў за 1,5 кг.
Варта адзначыць, што кілаграм беларускай солі ад «Мазырсоль» пры гэтым каштуе ад 50 да 70 капеек. Салігорскую каменную соль першага памолу ў «Е-дастаўцы» можна набыць увогуле за 29 капеек.
Скрыншот: сайт e-dostavka.by
Праўда, у каментарах людзі скардзяцца: «Нармальная соль, але ў адсутнасць украінскай», «Памол драбнейшы, чым ва ўкраінскай солі, да якой мы прывыклі», «Украінская соль з Арцёмаўскага завода была лепшай».