Скандал з нагоды закупкі 70 адзінак пажарнай тэхнікі з Беларусі на суму 32 млн даляраў для мясцовых саветаў Зімбабвэ доўжыцца ўжо некалькі месяцаў. У парламенце Зімбабвэ запатрабавалі тэкст кантракта, і цяпер намеснік міністра мясцовага самакіравання Марыям Чомба прадставіла яго.

Намеснік міністра растлумачыла, што здзелка не была праведзеная праз звычайныя тэндарныя працэсы, бо гэта міжурадавае пагадненне. На гэта дэпутаты заявілі аб несапраўднасці здзелкі, бо такія выдаткі павінны быць ухваленыя парламентам.

Дэпутаты таксама выказалі сумнеў, што закупка пажарных машын была прыярытэтнай для мясцовых саветаў. Збянтэжыў дэпутатаў і ўніверсальны падыход пры закупцы тэхнікі: незразумела, навошта мясцовым саветам у сельскай мясцовасці пажарная машына з 80-метровай стралой. Дэпутаты запатрабавалі падаць пісьмовыя запыты да мясцовых уладаў аб неабходнасці куплі такой тэхнікі.

Парламент Зімбабвэ запатрабаваў справаздачы ад міністра па справах мясцовага самакіравання Джулі Маё, які мае дачыненне да заключэння здзелкі.

Нагадаем, Міністэрства па справах мясцовага самакіравання заявіла аб закупцы 70 адзінак пажарнай тэхнікі з Беларусі на суму 32 млн даляраў. Машыны планавалася купіць у кампаніі, якой валодае Аляксандр Зінгман, ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі. Міністэрства хацела, каб прафінансавалі куплю мясцовыя саветы. Кошт адной машыны быў ацэнены ў 464 тысячы даляраў (у Беларусі аналагічныя аўтамабілі, мяркуючы па сайце дзяржзакупак, ацэньваюцца ў суму каля 100 тысяч даляраў). Крытыкі называюць гэтую цану завышанай і абвінавачваюць міністра па справах мясцовага самакіравання ў спробе абысці сістэму публічных таргоў. Міністэрства лічыць цану адэкватнай і спасылаецца на пагадненне паміж урадамі Зімбабвэ і Беларусі.

Клас
37
Панылы сорам
11
Ха-ха
39
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
4