Забарона для «палітычных адміністратыўшчыкаў» і з дазволу КДБ

Падставы для забароны на выезд папоўніліся некалькімі новымі пунктамі, але важныя два з іх.

КДБ зможа абмежаваць выезд не толькі для тых, хто знаходзіцца на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».

Абмежаванне можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода. Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю — не паведамляецца.

Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненні да якога вядзецца адміністрацыйны працэс за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання — у мэтах забеспячэння выканання пастановы суддзі аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу».

Раней абвінавачаных з Беларусі таксама не выпускалі, але гэта тычылася тых, хто ўжо атрымаў штраф і не аплаціў яго. Цяпер жа выезд забаронены і тым, у дачыненні да каго вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэнне судом пакуль яшчэ не прынятае.

У «правапарушэнні супраць парадку кіравання» ўваходзяць так добра знаёмыя беларусам «палітычныя» артыкулы КаАП: непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і гэтак далей.

Сілавікам (і нават ратавальнікам) — толькі з дазволу кіраўніцтва, біяметрычныя пашпарты — здаць.

Супрацоўнікам сілавых органаў можна будзе выехаць за межы Беларусі толькі па ўзгадненні з кіраўніцтвам. Гэтае сакрэтнае правіла некалькі гадоў дзейнічала і раней: вайскоўцам, супрацоўнікам міліцыі або Следчага камітэта настойліва рэкамендавалася выбіраць для адпачынку толькі «дружалюбныя» краіны — напрыклад, Турцыю, Егіпет, Расію.

У законапраекце гэтая норма — выезд па ўзгадненні з кіраўніцтвам — узаконеная і не толькі для супрацоўнікаў у пагонах.

Яна будзе тычыцца вайскоўцаў, супрацоўнікаў, работнікаў і асоб грамадзянскага персаналу воінскіх фармаванняў і ваенізаваных арганізацый Беларусі, а менавіта:

Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь;

органаў пагранічнай службы;

унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў;

органаў дзяржаўнай бяспекі;

транспартных войскаў;

Службы бяспекі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

Следчага камітэта;

Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз;

органаў унутраных спраў;

органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю;

органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях.

Кіраўніцтва мае права ім адмовіць у выездзе з краіны «ў мэтах забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставінаў, якія перашкаджаюць іх выезду».

Акрамя таго, у выпадку наяўнасці ў гэтай катэгорыі асоб біяметрычнага пашпарта, на час службы яны абавязаныя перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.

Што ж тычыцца дзяржслужачых, то парадак іх выезду з Беларусі будзе вызначаць урад.

Забароны маюць быць уведзеныя ўвосень

Законапраект паступіў у парламент. Яго павінны будуць разгледзець на восеньскай сесіі, якая стартуе ў верасні.

Парадак прыняцця законапраектаў у нас такі — у двух чытаннях яго павінна прыняць Палата прадстаўнікоў, затым адобрыць Савет Рэспублікі — як паказвае практыка, гэта можна зрабіць за адзін дзень. Затым яго падпісвае Аляксандр Лукашэнка, пасля чаго ён атрымлівае статус закона і яго афіцыйна публікуюць на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Пасля гэтага забарона на выезд супрацоўнікаў сілавых ведамстваў без дазволу ўступае ў сілу праз два месяцы, астатнія змены — адразу ж пасля апублікавання.

Клас
15
Панылы сорам
63
Ха-ха
28
Ого
10
Сумна
6
Абуральна
38