*Рэйтынг папулярнасці складзены з дапамогай сайта starngage.com і не цалкам рэлевантны. Прынамсі па трох прычынах: 1) Каб трапіць у рэйтынг, акаўнт мусіць мець беларускую «прапіску», таму ў ім не будзе такіх папулярных блогераў, як Улад Бумага, бо Instagram краінай блогу маркіруе РФ. 2) Сам сэрвіс працуе недасканала, бо ў рэйтынгу не было і Макса Каржа, у якога з «прапіскай» у Іnstagram усё добра. 3) Блогеры даволі часта карыстаюцца рознымі метадамі накрутак аўдыторыі, якая цягам сутак можа павялічвацца ці змяншацца на дзесяткі і нават сотні тысяч падпісантаў.

Аналіз якасці выбудаваны з дапамогай сэрвісу Trendhero.

1. Чынгіз Алазаў

Уладальнікам старонкі з самай вялікай колькасцю падпісчыкаў з'яўляецца беларускі тайбаксёр азербайджанскага паходжання. Хлопец нарадзіўся ў Грузіі, але з 9-месячнага ўзросту жыве ў Мінску.

У Чынгіза налічваецца 4,9 мільёна падпісчыкаў.

У сваім профілі спартовец з Мінска часцей за ўсё выкладвае фота і відэа са спаборніцтваў і трэніровак.

Акаўнт байца верыфікаваны Instagram. Але вялікая колькасць падпісантаў і пазнака аб верыфікацыі — гэта яшчэ не галоўныя паказчыкі якасці. 

Сэрвіс па маніторынгу акаўнтаў у Instagram ацэньвае профіль Чынгіза як «нармальны» і дае яму 31 бал са ста магчымых.

Амаль 40 адсоткаў фаловераў — гэта карыстальнікі з РФ, падпісчыкі з Беларусі займаюць толькі чацвёртае месца ў спісе краін і складаюць усяго каля 6% ад агульнай колькасці. 

Пры гэтым менавіта беларусы найчасцей ацэньваюць публікацыі Алазава падабайкамі. На другім месцы па актыўнасці ідуць фаловеры з Расіі.

Топ-3 гарадоў, з якіх байцу прылятаюць падабайкі выглядае наступным чынам: Мінск, Масква, Баку.

Свой першы мільён у Instagram ён набраў пры канцы 2020 года. З тых часоў ягоная аўдыторыя амаль бесперапынна працягвае расці. Толькі за апошнія 4 тыдні на Instagram байца падпісалася больш за 1,8 мільёна карыстальнікаў. 

Прырост аўдыторыі месцамі выглядае даволі дзіўным. Так, напрыклад, 21 красавіка 2021 года на Алазава было падпісана 1,37 мільёна чалавек, а ўжо на наступны дзень у яго было больш за 2 мільёны падпісантаў. Яшчэ праз дзень зноў каля 1,4 мільёна. 

2. Макс Корж

На другім месцы па колькасці фаловераў знаходзіцца Макс Корж, на інстаграм якога падпісана 2,7 мільёна чалавек.

Спявак дзеліцца на старонцы новымі трэкамі, бэкстэйджам з канцэртаў і здымак кліпаў, фота з падарожжаў з братвой.

Сэрвісы па аналітыцы Instagram пазначаюць акаўнт спевака, як «расійскі», хаця сама сацсетка маркіруе яго як беларускі.

З якаснымі паказчыкамі ў Каржа ўсё ў парадку. Тrendhero ацэньвае акаўнт спевака як «добры» і прысвойвае 68 балаў са ста магчымых. Заўважна, што, нягледзячы на тое, што агульная колькасць падпісантаў у Каржа амаль у два разы меншая, чым у Алазава, якасная аўдыторыя ў яго большая — 1,7 мільёна ў спевака супраць 1,6 мільёна ў спартоўца.

Больш за 57% падпісчыкаў беларускага музыкі з Расіі, каля 25% — з Украіны. Беларуская аўдыторыя складае амаль 9%. Больш за ўсё падабаек Макс атрымлівае з Масквы — 11,5%. На другім месцы ідзе Кіеў, на трэцім Мінск — 6,58% і 6,54% адпаведна.

За два з паловай года аўдыторыя спевака істотна не змянілася. Так, напрыклад, 9 лістапада 2019 года ў Каржа было 2,3 мільёна фаловераў, а цяпер — 2,7 мільёна. Пік папулярнасці ягонага інстаграма прыйшоўся на 8 верасня 2020 года, тады на яго было падпісана 2,85 мільёна чалавек.

3. Уладзіслаў Чашэйка

На Уладзіслава Чашэйку падпісаны 1,6 мільёна карыстальнікаў. Хлопцу 21 год, ён нарадзіўся ў Лідзе і з'яўляецца ўдзельнікам практа А4 (праект Улада Бумагі). Улад мае свой канал у ютуб, які налічвае больш за 12 мільёнаў падпісчыкаў. 

У сваім профілі Улад даволі рэдка публікуе новыя пасты. Цягам 2022 года ён выклаў усяго 9 допісаў, большасць з іх не мае вялікай сэнсавай нагрузкі. Хлопец пытаецца ў падпісантаў, як ім яго новыя відэа на ютуб, шчоўкаецца, седзячы на «Мустангу», рэкламуе жуйкі і шакаладныя батончыкі.

Trendhero ацэньвае яго профіль як «нармальны» і прысвойвае яму 42 балы са 100.

Больш за 51% падпадпісчыкаў Уладзіслава — з Расіі, каля траціны — з Украіны. Беларусы складаюць толькі 5,5% ад агульнай колькасці аўдыторыі і займаюць трэцяе месца. 

Сыходзячы са статыстыкі, больш за ўсё падабаек хлопцу прылятае з Украіны — каля 45%, амаль 30 адсоткаў падабаек ставяць жыхары Расіі, Беларусі — толькі каля 8%. У топ-3 гарадоў, з якіх хлопец атрымлівае найбольшую колькасць рэакцый, уваходзяць Харкаў, Кіеў і Херсон.

Імклівы рост аўдыторыі ў блогера пачаўся са жніўня 2020 года. Так, па стане на 1 жніўня 2020-га на Улада было падпісана 665 тысяч чалавек, у той час як у апошні дзень месяца лічба фаловераў перайшла мільённы рубеж. З тых часоў аўдыторыя з большага расце, але не абыходзіцца і без прасяданняў.

Згодна з графікам, апошнім часам акаўнт хлопца перажывае перыяд масавых адпісак. Толькі за мінулыя чатыры тыдні ад Улада адпісалася больш за 9 тысяч карыстальнікаў.

4. Улад Белавусаў

За гэтым тыктокерам сочаць 804 тысячы карыстальнікаў Instagram. 

Аснова кантэнту хлопца — вайны на тэму «арыгінальных» падкатаў да дзяўчат. Урокі «для тыграў» Улад здымае на мінскіх вуліцах. «Я навучу вас на першай сустрэчы зрабіць так, каб дзяўчына вас пацавалавала», — абяцае ён.

Сэрвіс Trendhero ацэньвае акаўнт хлопца як «добры» і дае яму 59 балаў са ста магчымых.

Ядзерная аўдыторыя — расіяне, якія складаюць 58%, на другім месцы ідуць карыстальнікі з Украіны (амаль 17%), на трэцім — Казахстан з 7 адсоткамі.

Больш за ўсё падабаек хлопцу прылетае з Масквы, Мінска і Ташкента. 

На сваім піку ў кастрычніку 2021 года хлопец меў амаль 950 тысяч фаловераў, аднак ужо больш, як паўгода лічба падпісчыкаў у Белавусава паступова скарачаецца. Але, забягаючы наперад, адзначым, што сярод блогаў у нашым рэйтынгу па якасных паказчыках Улад саступае толькі Максу Каржу.

5. Стылістка Вікторыя

Пятае месца па колькасці фаловераў — у карыстальніцы, якую клічуць Вікторыя. Дзяўчына пазначае сябе стылісткай і дызайнеркай футраў. На бягучы момант у яе амаль 751 тысяча падпісчыкаў. 

У стужцы беларуска часцей за ўсё выкладае фоты ў адзенні ад дызайнераў з розных краін свету. Таму пра асабістае жыццё Вікторыі праз яе Instagram даведацца складана. Але ў профілі пазначана, што яна з'яўляецца мамай і знаходзіцца ў шлюбе. 

Trendhero ацэньвае профіль дзяўчы, як «добры», і прысвойвае 53 балы са ста.

Сярод яе падпісчыкаў пераважаюць расіяне — амаль 18 адсоткаў, на другім месцы ідуць карыстальнікі з ЗША — 11%, на трэцім — украінцы, якія складаюць амаль 7% аўдыторыі. 

Звесткі пра карыстальнікаў з Беларусі з'яўляюцца толькі ў рэйтынгу гарадоў, адкуль Вікторыя атрымлівае больш за ўсё падабаек. На першым месцы ідзе Масква, на другім — Мінск, на трэцім — Лондан. 

У кастрычніку мінулага года акаўнт Вікторыі налічваў больш за 826 тысяч фаловераў. З канца леташняй восені колькасць падпісчыкаў павольна меншае. Толькі цягам апошняга месяца дзяўчына згубіла больш за 5 тысяч падпісантаў.

6. Вераніка Мяцельская

Мінчанцы Вераніцы Мяцельскай 32 гады. Пэўны час яна працавала вядоўцай на ўкраінскім музычным тэлеканале MusicBox. 

.

Цяпер у яе 668 тысяч падпісчыкаў. На пачатку 2021 года іх было 244 тысячы

У апісанні профілю Вераніка пазначыла, што яна фотамадэль вокладкі Playboy 2019, тэлевядучая і псіхолаг. 

Аб тым, што дзяўчына з'яўляецца прыхільніцай Лукашэнкі, Вераніка казала яшчэ ў 2019 годзе. Перад прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне таго года ў жывым эфіры яна пажадала ўкраінцам здабыць мудрага, эфектыўнага і моцнага кіраўніка. «Якім, напрыклад, з'яўляецца мой любімы палітык з дзяцінства — прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Парашэнка або Зяленскі — выбар за вамі, узважце ўсе «за» і «супраць» або проста дапішыце Лукашэнку ў бюлетэнь, ён дакладна не падвядзе», — цытавала беларускую блогерку украінскае выданне from-ua.

Што посціць Мяцельская цяпер — невядома, бо акаўнт застаецца закрытым, а трапіць у спіс фаловераў, як высветлілася, не так ужо і проста. Аднак наяўнасць дзяржаўнага сцяга і двух сэрцаек чырвонага і зялёнага колеру ў апісанні профілю ўказвае на тое, што Вераніка засталася вернай сваім поглядам.

Паколькі акаўнт закрыты, атрымаць інфармацыю пра якасныя паказчыкі старонкі немагчыма. 

7. Валянціна Сафронава

Дзяўчына вядзе фэшн-блог. На бягучы момант на яе падпісана 639 тысяч чалавек.

Іў Сэн Ларан, леапардавыя сукенкі, шматлікія купальнікі — Валянціна дзеліцца моднымі вобразамі, суправаджаючы пасты парай слоў.

Калі разбіраць якасныя паказчыкі, гэта найгоршы профіль з дзясяткі.

Trendhero ацэньвае профіль дзяўчыны як «дрэнны» і дае ёй усяго 24 балы са ста.

Згодна з данымі аналітыкі, аўдыторыя блогеркі ў літаральным сэнсе раскідана па ўсім свеце. Так, напрыклад, па 5% аўдыторыі складаюць карыстальнікі з Бразіліі, Італіі і Беларусі, 8 адсоткаў — у карыстальнікаў з ЗША, крыху больш за 10% — з РФ.

Калі мы зазірнем у графік прыросту аўдыторыі, то ўбачым, што яна амаль няспынна расце. Толькі цягам апошніх чатырох тыдняў на блогерку падпісалася амаль 30 тысяч карыстальнікаў. Пастаянны рост падпісчыкаў у пары з нізкімі дрэннымі паказчыкамі якасці ўказваюць на нізкаякасную методыку раскруткі акаўнта. 

8. Кацярына Коба

Мадэль Кацярына Коба вядзе б'юці-лайфстайл блог. На бягучы момант у яе налічваецца 597 тысяч падпісантаў. Акаўнт блогеркі прайшоў верыфікацыю ад Instagram.

У блогу Кобы — адпачынак і рэкламныя фотасессіі ў Манака, Канах, Парыжы, гарналыжныя курорты, паходы ў дарагія рэстараны. Адным словам, лакшары-жыццё. Мадэль публікуе таксама здымкі з сынам-падлеткам.

Нейкі час Кацярына працавала вядоўцай праграмы «Коробка передач» на тэлеканале «Беларусь 1», а таксама выходзіла ў эфір на БелМузТБ.

9. Хельга Воўк

На дзевятым месцы з 561 тысячай падпісчыкаў Хельга Воўк. Дзяўчына пазіцыянуе сабе як «бог сушкі прэсу». У апісанні блогерка пазначыла, што зрабіла прэс і худыя ногі для 111 тысяч падпісчыц цукеркамі і піцай.

У асноўным блогерка публікуе здымкі з каханым, сваё цела і парады па харчаванні. Праўда, апошняе, відаць, давядзецца паставіць на паўзу — дзяўчына чакае дзіця.

10. Анастасія Цітарэнка

Замыкае дзясятку лайфстайл-блогерка Анастасія Цітарэнка з 559 тысячамі падпісантаў.

У яе акаўнце — адфоташопленыя здымкі і кароткія подпісы па-ангельску з пажаданне добрага дня, пытаннем, ці не сумавалі падпісанты і, канечне, пра тое, якое фота выбраць: 1,2 ці 3.

Чытайце таксама: 

«Нехту» глядзяць у сем разоў больш за БелТА — з’явіўся рэйтынг беларускіх ютуб-каналаў

У топ-15 беларускіх ютуб-каналаў аказаўся блог берасцейкі. Ні за што не здагадаецеся, пра што ён

Як правільна пачысціць свой акаўнт у Instagram, каб не патрапіць пад рэпрэсіі. Падрабязны гайд

Клас
5
Панылы сорам
44
Ха-ха
9
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
11