Выгляд робата ElliQ. Крыніца: wikipedia.org
Сёння ў ЗША больш за 14 мільёнаў самотных людзей, старэйшых за 65 гадоў. І гэтая лічба, згодна з прагнозамі, будзе толькі расці.
Галоўная праблема ў тым, што самота зніжае якасць і працягласць жыцця.
Кіраўніцтва штата Нью-Ёрк у якасці эксперыменту набудзе і размяркуе робатаў-кампаньёнаў па дамах больш чым 800 пажылых людзей.
Робаты не дапамогуць фізічна, але здольныя весці гутарку, звязвацца з блізкімі, адсочваць фізічную актыўнасць чалавека і нагадваць прымаць лекі. Праект прызначаны для самотных людзей старэйшых за 75 гадоў, якія карыстаюцца Wi-Fi і любяць тэхніку.
Распацоўшчыкі робата, які называецца ElliQ, кажуць, што ён здольны дэманстраваць эмпатыю і наладжваць сяброўскія зносіны з карыстальнікамі. Робат запамінае важныя дэталі з жыцця карыстальніка і падстройваецца пад яго. Напрыклад, ElliQ будзе болей жартаваць, калі карыстальнік шмат смяецца.
Выкарыстанне робатаў для догляду за пажылымі людзьмі часта выклікае спрэчкі. Прыхільнікі кажуць, што робаты — неабходны інструмент, асабліва калі паблізу няма людзей. Крытыкі папярэджваюць, што робаты патэнцыйна могуць зрабіць чалавека яшчэ менш сацыялізаваным, а іх выкарыстанне паказвае, што старыя для дзяржавы не надта важныя, бо яна купляе ім танных робатаў замест рэальнай дапамогі.
Пакуль няма аб'ектыўнай ацэнкі высокатэхналагічнага спосабу барацьбы з адзінотай. Некаторыя даследаванні паказваюць, што робаты могуць быць карыснымі, але вялікіх эксперыментаў на гэты конт яшчэ не было. Нью-Ёрк будзе першым, і ад яго залежыць, ці будуць такія тэхналогіі прымяняцца шырэй.