Летнія месяцы для беларускай эканомікі сталі перыядам уздыму. Пра гэта заявіў прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 25 жніўня ў Мінску на сустрэчы з дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэкам Белькам.

«Мы з задавальненнем зазначаем, што вясна‑лета гэтага года, — а гэтыя месяцы з’яўляюцца найбольш цяжкімі для эканомікі, — для беларускай эканомікі сталі месяцамі ўздыму», — сказаў прэм’ер‑міністр.

Перадусім, паводле яго слоў, гэта адносіцца да рэальнага сектара эканомікі.

«З пачатку гэтага года ішло значнае назапашванне прадукцыі на складах з‑за закрыцця вонкавых рынкаў. Разам з тым у многім сыход з традыцыйных рынкаў дазволіў нам у апошнія паўгода адкрыць для сябе 13 новых краін для паставак айчыннай прадукцыі на экспарт», — падкрэсліў Сідорскі.

Ён сцвярджае, што з траўня‑чэрвеня ўся прадукцыя, якая вырабляецца ў краіне, прадаецца ў поўным аб’ёме за межы краіны.

«Ідзе пастаянная разгрузка складоў. Мы ўпэўнены, што крок за крокам да канца года выйдзем на антыкрызісныя ўмовы, на нарматывы па рэштках прадукцыі на складах», — зазначыў прэм’ер‑міністр.

Сідорскі падкрэсліў, што па ўзгадненні з МВФ у Беларусі праводзіцца жорсткая грашова‑крэдытная і бюджэтная палітыка. «Мы значна скарацілі нашы бюджэтныя расходы. Урад працуе толькі па тых артыкулах, якія неабходныя для выканання абавязацельстваў урада», — падкрэсліў прэм’ер‑міністр.

«Мы актыўна працуем з інфляцыяй.

У студзені было прынята рашэнне па павелічэнні тарыфаў, што выклікала рост інфляцыі, але ў апошнія месяцы нам удалося стабілізаваць гэтыя працэсы. Інфляцыя на ўзроўні 0,3—0,4% у месяц — гэта той узровень, які планаваў урад у антыкрызіснай праграме. Прычым гэта адбываецца пры росце эканомікі, прыцягненні інвестыцый, значным скарачэнні бюджэтных расходаў», — зазначыў Сяргей Сідорскі.

Кіраўнік урада прызнаў, што ў эканомікі Беларусі «ёсць праблемы, і праблемы значныя, якія мы маем не толькі ўнутры эканомікі, але і на нашых традыцыйных рынках».

«Мы сутыкнуліся з тым, што палову нашага экспарту, які мы традыцыйна пастаўлялі ў Расію, сёння вымушаны экспартаваць у трэція краіны. Нам патрэбны пераходны перыяд, і пажадана, каб ён быў больш стабільным для нашай эканомікі», — патлумачыў Сідорскі.

«Безумоўна, дапамога МВФ у гэтых умовах адыгрывае для нас вельмі важную ролю. Хачу выказаць удзячнасць экспертам, якія працуюць з нашай краінай. Гэта прафесіяналы, якія ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу дапамагаюць нам прымаць дакладныя ўзважаныя рашэнні», — заключыў прэм’ер‑міністр.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0