«Праведзена культурная «спецаперацыя» па музеефікацыі легендарнай кухоннай шафы і яе змесціва. З сённяшняга дня яна знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага музея Рэвалюцыі Годнасці», — паведамляе музей.

Каля двух тыдняў прайшло з моманту вызвалення Кіеўшчыны ад акупацыі расійскімі войскамі. Тапаграфія Украіны папоўнілася новымі месцамі масавых злачынстваў расейцаў.

«Прыйдзе час, і гэтыя трагічныя старонкі абавязкова будуць мемарыялізаваныя і асэнсаваныя, памяць аб нявінна загінулых стане часткай нашай нацыянальнай памяці і гісторыі. Як і сведчанне гераізму і стойкасці ў барацьбе за свабоду ўкраінскага народа супраць цынічнага ворага», — гаворыцца ў паведамленні.

Адным з сімвалаў гэтай устойлівасці стала кухонная шафка на сцяне разбуранага бомбай шматпавярховіка ў Барадзянцы Кіеўскай вобласці. Ацалела, хоць шанцаў, здавалася б, не было ніякіх. З усім сваім змесцівам: фарфоравым посудам, шклянымі акенцамі на дзверках, слоічкамі для спецый, традыцыйнымі сувенірамі. І нават керамічным дэкаратыўным посудам для напояў у выглядзе пеўніка, вырабленым у 1960-х гадах майстрамі мастацкай керамікі з Васількова Валерыяй і Надзеяй Пратор'евымі.

Звычайны элемент кухоннага інтэр'еру стаў легендай дзякуючы фатаграфіі кіеўскай фотакарэспандэнткі Лізаветы Серваціньскай.

Гэтае фота стала ілюстрацыяй да ці не самай распаўсюджанай сёння пераклічкі сярод украінцаў: «Ты як?» — «Трымаюся».

Зрэшты будынак, на якой трымаецца шафка, знаходзіцца ў аварыйным стане, сцяна вось-вось можа абрынуцца. Таму паўстала неабходнасць выратаваць і захаваць гэты ўнікальны сімвал супраціву ўкраінцаў.

14 красавіка з дазволу ўладальніцы кватэры Надзеі Сватко шафку дэмантавалі.

«Важна было захаваць кожную дэталь, аж да шрубаў, на якіх шафка мацавалася да сцяны. Наваколле, руіны будынкаў і сама сцяна з шафкай былі задакументаваныя DroneUA з дапамогай робата для стварэння 3D-мадэлі, зробленыя фота— і відэаздымкі, зафіксавана размяшчэнне кожнай дэталі, што ў будучыні дазволіць узнавіць размяшчэнне з максімальнай дакладнасцю», — адзначае музей.

Таксама прадстаўнікі Музея Майдана і Даўжэнка-цэнтр сфатаграфавалі наваколле, сабралі прадметы і вусныя сведчанні жыхароў бліжэйшых дамоў.

Гэта першая экспедыцыя, якой Штаб выратавання спадчыны разам з партнёрамі пачынаюць сістэмную працу па зборы гісторыі гэтай вайны Расіі супраць Украіны. Задача штаба — фіксаваць і захоўваць матэрыяльныя і нематэрыяльныя сведчанні стойкасці і адвагі ўкраінцаў, іх здольнасці да ўзаемадапамогі, ўзаемападтрымкі і цвёрдасці перад ворагам, гераічную барацьбу ўкраінцаў за годнасць і свабоду.

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0