Віктар Орбан і Уладзімір Пуцін
Сутнасць працэдуры заключаецца ў тым, што венгерскі бок створыць два рахункі, адзін у еўра, а другі ў рублях, у «Газпрамбанку». Аплата будзе рабіцца ў еўра, якія CEEnergy перавядзе «Газпрамбанку», а той пасля канвертуе суму ў рублі і пералічыць «Газпрамэкспарту».
Сіярта падкрэсліў, што ў арыгінальным кантракце з дзвюма кампаніямі таксама пазначана, што магчымы пераход на іншую валюту.
«Такім чынам, мы плацім у еўра, канвертацыю робіць «Газпрамбанк», і гэтая сума выплачваецца» Газпрамэкспарту», — сказаў кіраўнік МЗС Венгрыі, адзначыўшы, што рашэнне не парушае ніякіх санкцый.
Зрэшты, схема гэтая не выглядае на вельмі арыгінальную. Нешта падобнае раней прапаноўваў Пуцін іншым еўрапейскім партнёрам, у прыватнасці канцлеру Германіі Олафу Шольцу, напрыканцы сакавіка, калі стала зразумела, што на выкананне ягоных ультыматумаў, датычных аплаты толькі рублямі, еўрапейцы паддавацца не схільныя.
Раней прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен абвясціла, што калі Венгрыя будзе плаціць за расійскі газ у рублях, гэта парушыць санкцыі Еўрасаюза супраць Расіі.
У сваю чаргу, венгерскі прэм'ер Віктар Орбан заяўляў, што Венгрыя гатовая разлічвацца за расійскі газ і ў рублях, калі пра гэта папросіць Масква.