У сваёй заяве МАК звяртае ўвагу на тое, што прынцыпам алімпійскага руху не адпавядае ідэя караць спартоўцаў за дзеянні іх урадаў, калі самі спартоўцы не ўдзельнічалі актыўна ў гэтых дзеяннях.
Тым не менш, цяперашняя вайна ва Украіне ставіць перад МАК складанае пытанне.
Спартоўцы з Расіі і Беларусі цяпер маюць магчымасць удзельнічаць у спаборніцтвах, але ж шматлікія атлеты з Украіны не могуць гэтага рабіць, бо на іх краіну здзейснены напад.
Таму МАК прыняў рашэнне рэкамендаваць усім міжнародным спартовым федэрацыям і арганізатарам спартовых падзей не запрашаць спартоўцаў і чыноўнікаў з Расіі і Беларусі на міжнародныя спаборніцтвы і не дазваляць ім у іх удзельнічаць.
Калі ж па юрыдычных ці арганізацыйных прычынах гэтую рэкамендацыю немагчыма хутка выканаць, МАК заклікае міжнародныя спартовыя федэрацыі і арганізатараў спаборніцтваў, каб атлеты і каманды з Расіі і Беларусі ўдзельнічалі ў іх толькі ў нейтральным статусе.
У такім выпадку на спаборніцтвах не павінны гучаць назвы гэтых краін, таксама нельга будзе дэманстраваць іх нацыянальныя сімвалы, колеры, сцягі, ужываць іх дзяржаўныя гімны.
Таксама ў сувязі з парушэннем Алімпійскай хартыі і Алімпійскага перамір'я, здзейсненага расійскім урадам, МАК адклікае алімпійскія ордэны ва Уладзіміра Пуціна, а таксама ў Дзмітрыя Чарнышэнкі (намеснік кіраўніка ўрада РФ) і Дзмітрыя Козака (намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ).