«Мы проста хочам, каб яны нас дэпартавалі ў Ірак, нам дрэнна, мы стаміліся, нам ніхто не дапамагае», — паведаміў адзін з мігрантаў.
Мужчына распавёў, што людзі мерзнуць і ў іх практычна не засталося ежы.
Міністр унутраных спраў Латвіі Марыя Голубева паведаміла ў Twitter, што «латвійская памежная ахова забяспечвае людзей, якіх беларусы выштурхваюць на мяжу ЕС, ежай і вадой, медыкаментамі, адзеннем, а таксама медыцынскімі абследаваннямі».
«Калі існуе пагроза жыццю і здароўю, іх вязуць у шпіталь», — зазначыла палітык.
Яе словы пацвердзіў міністр аховы здароўя Даніэль Паўлютс, cказаўшы, што памежнікі рэгулярна выклікаюць да мігрантаў Службу неадкладнай медыцынскай дапамогі і іншых медыкаў, а Даўгаўпілская бальніца знаходзіцца ў рэжыме гатоўнасці, каб аказаць любую неабходную дапамогу.
Кіраўнік МУС падкрэсліла, што гэта спроба рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваць людзей у гібрыднай аперацыі супраць ЕС.
У сваю чаргу, міністр абароны Арціс Пабрыкс абвінаваціў выданне ў прадузятасці:
«Ваш рэпартаж прадузяты, бо вы не паведамляеце, што беларускія ўлады прымушаюць гэтых людзей перасякаць мяжу супраць іх волі», — заявіў міністр у Twitter, паказаўшы, што гэта з'яўляецца гібрыднай вайной, скіраванай на тое, каб настроіць жыхароў ЕС супраць ЕС.