«Амаль пяць месяцаў сяджу ў камеры адзін»

За год Ціханоўскі пабываў у некалькіх СІЗА. Найгоршым месцам для яго стала Валадарка. 

«Былі правакацыі, калі пасля карцара не мог увайсці ў камеру, паколькі сукамернікі з незразумелых прычын адмаўляліся знаходзіцца там са мной побач», — расказваў ён пра ціск. 

У карцары блогер сядзеў неаднойчы. Жудасныя ўмовы там апісваў яго адвакат:

«У карцары вільготна: у камеры праходзіць стаяк, і труба стаяка працякае, таму бетонная падлога пастаянна мокрая. Нармальна сядзець фактычна няма на чым, а ложак адкідаюць толькі на ноч з 22 да 6 гадзіны раніцы».

Умовы ў Жодзіне пасля такога былі цярпімыя.

«Амаль пяць месяцаў я сяджу ў камеры адзін, гляджу БТ, АНТ, СТБ, але да 18.00, паколькі пазней забараняе рэжым. Астатняе — як у іншых зняволеных», — пісаў Ціханоўскі ў лісце.

Цяпер яго трымаюць у гомельскім СІЗА. Этапавалі Ціханоўскага ў кайданках. Такім чынам перавозілі ў вагоне яшчэ двух зняволеных — Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка.

«Прагулкі ў нас штодзень, па гадзіне. Увогуле нас не крыўдзяць. Усё паводле статуту. А ў іншых месцах хлопцаў білі. Слухаем гомельскае радыё тут, так што замаўляйце віншаванні. І ў «Гомельскай праўдзе» — віншаванні з днём нараджэння. Яны там публікуюць, але па купонах», — цытата з ліпеньскага ліста.

За кратамі Сяргей піша сцэнары для фільмаў і шмат чытае. Адолеў шматтомнік Салжаніцына, Хэмінгуэя, поўны збор твораў Лук’яненкі і Стругацкіх, замаўляў кнігі па дыпламатыі і мемуары Чэрчыля.

Ціханоўскаму пісалі многія беларусы. Актрыса Аляксандра Борціч расчулілася да слёз, калі атрымала ад блогера адказ. Прывітанне за краты блогеру перадаваў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

У лістах блогер пісаў, што не яго заслуга, што гаварыць праўду стала геройствам. Прызнаваўся, што не чакаў ад Святланы такой смеласці і сілы і гатовы быў бы жыць з жонкай-прэзідэнтам.

«Пасля вас пытанні будуць потым да Колі»

Дзёрзкі ў сваіх стрымах, Ціханоўскі такім застаўся і ў зняволенні. Падчас візіту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ Сяргей, якога таксама даставілі туды, не стаў паціскаць яму рукі, смела пярэчыў і патрабаваў вызвалення.

«Ён сказаў, што хацеў выпусціць мяне пасля выбараў і выкінуць са Светай за мяжу, але, праслухаўшы маю гутарку з адвакатам у СІЗА, дзе я казаў пра тое, што нельга дараваць і абавязкова трэба прыцягнуць да адказу яго сям’ю, дэпутатаў, мяне пасадзілі ў карцар», — перадаваў у лісце Ціханоўскі.

«Вось вас не будзе, а Эйсмант застанецца, Коля застанецца, Міша, Віця — усе застануцца. І знойдуцца потым! І дадуць паказанні яны! <…> Пасля вас пытанні будуць потым да Колі», — выказаў палітвязень Лукашэнку на «круглым стале».

Гэты фрагмент паказалі пасля на дзяржаўным тэлебачанні. Як і размову Ціханоўскага з адвакатам, нягледзячы на тое, што закон гарантуе канфідэнцыйнасць такіх сустрэч.

Блогер лічыў, што Лукашэнка ні з кім не будзе весці перамоў.

«Улада — гарантыя яго бяспекі. А закону ў краіне няма, ёсць толькі яго воля. І як ён сказаў, ён будзе абараняць яе ўсімі даступнымі яму сродкамі. Калі пратэсты затухнуць, ён зробіць з нашай краіны канцэнтрацыйны лагер. ГУЛАГ. Нават не сумнявайцеся ў гэтым. А жыццё зняволеных ператворыцца ў сапраўднае пекла».

«Пашанцавала: не я езджу ў суд, а суд да мяне»

Закрыты суд над Ціханоўскім, Статкевічам, Лосікам і іншымі палітвязнямі праходзіць у гомельскім ізалятары. На пасяджэнне вязняў водзяць на два паверхі вышэй, чым знаходзяцца іх камеры. Ціханоўскі жартаваў, што яму пашанцавала: не ён ездзіць у суд, а суд да яго.

На першым пасяджэнні Сяргей пакпіў з таго, што на ім прысутнічаюць дзяржаўныя журналісты.

«Нармальны закрыты працэс», — кіўнуў ён у іх бок.

Пра тое, як праходзіла іх спатканне ў Гомелі, распавядала Наталля Мацкевіч.

«Душны пакой, ён у маленькай клетцы ў двух метрах ад мяне, а я закрыта ў «акварыуме» за пластыкам. Каб пачуць, трэба амаль крычаць. Вакол усё пафарбавана свежай фарбай колеру Ціфані (бірузовы. — «НН»). Але мы паразмаўлялі крута».

Тое, як праходзіць праверка перад судовым працэсам, адвакат параўнала з матрошкай: чарада спецтэхнікі перад агароджай ізалятара, за ім — ізалятар, у ізалятары — пакой, у пакоі — клетка, у клетцы — людзі, у людзях — душа.

Ціханоўскі атрымаў ад Васкрасенскага ліст з прапановай напісаць прашэнне ад памілаванні, але не стаў на яго адказваць. Адвакату сказаў, што з гэтай нагоды можа толькі працытаваць Салжаніцына: «Палітычны зняволены — гэта той, у каго ёсць перакананні, адрачэннем ад якіх ён мог бы атрымаць волю. У каго такіх перакананняў няма — той палітычная шпана».

А вось якое пасланне з-за кратаў Сяргей перадаў беларусам да гадавіны пачатку масавых пратэстаў:

«Праз нежаданне расстацца з уладай у Беларусі цалкам разгромлена свабода выказваць сваё меркаванне, свабода сходаў, свабода атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, страчаны незалежныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі, законнасць і давер да праваахоўчай і судовай сістэмы.

Але беларусы здабылі салідарнасць і ўпершыню адчулі сябе нацыяй, убачылі велізарную падтрымку за мяжой.

Па сутнасці, ідзе агульнапланетарная рэкламная кампанія Беларусі. Пасля перамогі дэмакратыі, якая непазбежная, мы зможам гэтую сусветную вядомасць выкарыстоўваць для дынамічнага развіцця дзяржавы, кажу гэта як рэкламшчык з 15-гадовым стажам. Ідзіце да перамогі!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0