Цяперашні склад мужчынскай зборнай Беларусі па гандболе не дазваляе "выходзіць спакойна або ў фінал чэмпіянату свету, або выконваць тыя задачы, якія пастаўлены дзяржавай і нам як федэрацыі па ўдзеле ў Алімпійскіх гульнях 2012 года",

заявіў старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў у Мінску на прэс-канферэнцыі, каментуючы выступленне нацыянальнай каманды ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы-2010.

"У нас няма гульцоў, якія б з 11—12 метраў забівалі. У нас варатары прапускаюць мячы з 10 метраў. У нас сяміметровыя пастаянна не забіваюцца, і на гэтым мы шмат губляем. А чыя гэта праца? Гэта праца трэнераў, пачынаючы ад юнацкай зборнай, ад школьнікаў і да нацыянальнай зборнай. Не забіваюць — пастаў, няхай суткамі кідаюць, каб забівалі", — прапанаваў У.Канаплёў.

Старшыня БФГ заклікаў не адмаўляцца ад лепшага, што было ў Савецкім Саюзе, "калі мы з вамі станавіліся алімпійскімі чэмпіёнамі не за грошы, а перадусім за патрыятызм да радзімы" і фізічная падрыхтоўка гандбалістаў была лепшай. "Каршакевіч амаль за дзесятку прабягаў 100 метраў і іншыя. Ад гэтага адыходзіць нельга.

Поўзаеце, як блохі, па пляцоўцы", — заявіў кіраўнік федэрацыі.

Паводле яго меркавання, цяпер галоўная задача — "знайсці некалькі гульцоў, яны ў нас ёсць, ужо падрастаюць, 18—19-гадовых, 20-гадовых, каб гэта былі хлопцы не менш як два метры росту, і каб, калі ў яго няма 2,05, то ён скакаў і забіваў так, як робяць пры 2,05—2,08". "Ёсць праблема задняй лініі. А астатняе, я думаю, што мы разрулім", — сказаў У.Канаплёў.

У 5-й адборачнай групе чэмпіянату Еўропы-2010 Беларусь пасля 6 гульняў займае трэцяе месца з 8 ачкамі і разам са славенцамі працягвае прэтэндаваць на другую пуцёўку ў фінальную частку.

13 чэрвеня ў Мінску падапечныя Георгія Свірыдзенкі лёгка абыгралі аўтсайдэраў балгараў (36:18), а за тры дні да гэтага ўступілі славенцам з розніцай 12 мячоў (26:38).

"Вядома, гэта неардынарны лік, бо, калі ўзяць апошнія тры гады, мы гулялі супраць і больш моцных — узяць тую жа Расію, Германію — і прайгравалі адзінкі літаральна мячоў. Канечне, гэтая гульня патрабуе асаблівых разборак. Але паверце, што ў нас трэнерскі склад цяпер такі, што я ні Свірыдзенку, ні Маліноўскаму, ні Бразінскаму не магу ніякіх прэтэнзій прад'явіць, бо гэтыя людзі стараюцца", — падкрэсліў У.Канаплёў.

Паводле яго слоў, пайшлі размовы, што гульня была здадзена.

"Толькі я не ведаю, кім здадзена. Я цалкам веру і трэнерам, і ў нас добры мікраклімат у нацыянальнай зборнай мужчынскай, таму я думаю, гэта пустыя размовы. Проста славенцы былі мацнейшымі", — лічыць старшыня БФГ.

За гульню без мазгоў ніхто плаціць не хочаз>

«Каб клубам лепш плацілі грошы, трэба лепш і гуляць. Калі безаблічная гульня, гульня без мазгоў, без камбінацый, на яе не ходзяць гледачы, то ніхто ім плаціць не хоча» — так пракаментаваў старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў адмову чатырох беларускіх клубаў ад удзелу ў еўрапейскіх кубках у новым сезоне.

Мужчынскія клубы «Машэка» (Магілёў) і ГГК (Гомель), а таксама жаночыя «Гараднічанка» (Гродна) і «Аркатрон» (Мінск) адмовіліся гуляць у еўрапейскіх клубных турнірах з прычыны цяжкага фінансавага становішча.

У.Канаплёў заявіў аб неабходнасці правесці праверку выканання ўказа прэзідэнта аб дзяржаўнай падтрымцы гандбольных клубаў: «Міністэрства спорту яшчэ не аналізавала, як аказваецца гэтая дапамога, якая выдзяляецца сума. А зрабіць гэта, мусіць, неабходна і, магчыма, не толькі з Міністэрствам спорту, але і з пэўнымі структурамі кантролю».

«Канечне, гэтае вялікае бязладдзе, — працягнуў кіраўнік БФГ. — Мне ўжо, скажу, надакучыла ваяваць з Магілёвам, з асобнымі кіраўнікамі.
Па Гродне і Брэсце ў мяне ніколі не было заўвагаў. Выпадак з «Гараднічанкай» нейкі выключны. Без усякіх папярэджанняў раз — і яны сышлі ў бок. Чаму?»

Паводле слоў У.Канаплёва, удзел у еўракубках неабходны для рэйтынгу краіны на міжнародным узроўні: «Якія б яны там месцы ні займалі, усё роўна рэйтынг Беларусі на міжнародным узроўні павышаецца. А ўлічваючы тое, што вось гэтыя клубы сышлі і не выступаюць, то, вядома, рэйтынг нашай краіны ніжэйшы. Адначасова і суддзі на міжнародным узроўні глядзяць: ага, раз Беларусь на задворках знаходзіцца, дык можна часам спусціўшы рукавы судзіць асобныя гульні».

У.Канаплёў адзначыў, «наколькі складана выбіваць кожную капейку». «Вось крышку ў федэрацыі былі грошы, цяпер мы таксама на нулі знаходзімся. А мы дапамагалі. І «Друці» дапамагалі, і «Машэку» дапамагалі, і Наваполацку, і нейкім іншым яшчэ камандам.
То 30 млн., то 50 млн. для падтрымкі. Дапамагалі тады, калі мясцовыя ўлады не маглі раскалыхацца па ўказе прэзідэнта. Іх трэба заўсёды вось дзесьці падпіраць, крытыкаваць», — заявіў старшыня федэрацыі.

На яго думку, кіраўнікам федэрацый па відах спорту, на якія распаўсюджваецца дзяржпадтрымка, неабходна папрасіць прэзідэнта краіны і Нацыянальнага алімпійскага камітэта звярнуць увагу на выкананне ўказаў.

«Цяжка, але ў наступным годзе мы пастараемся зрабіць так, каб усе каманды, якія былі заяўленыя, бралі ўдзел», — рэзюмаваў У.Канаплёў

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0