Мікіту Кісяля, Аляксея Касцялея і Канстанціна Францава затрымалі раніцай у нядзелю на вул. Каліноўскага. Іх адвезлі ў Першамайскі РУУС, дзе на ўсіх склалі пратаколы па арт.24.23 КаАП.
Далей мужчын даставілі ў ІЧУ да суда. Раніцай 10 сакавіка ў іх скончваўся 72-гадзінны тэрмін. Суддзя Максім Трусевіч судзіў іх пасля абеду.
Са словаў мужчын, затрымлівалі іх людзі ў цывільным, збіўшы з ног аднаго з іх. Па іх словах, ніякіх масавых мерапрыемстваў побач не праходзіла, але па пратаколе ўсе яны бралі ўдзел у пікетаванні.
Канстанцін распавёў суду, што вымушаны спаць на падлозе каля батарэі на Акрэсціна, бо ў камеры толькі два спальныя месцы на чацвярых. Матрацы і коўдру яны так і не атрымалі. Дома ў Францава застаўся кот, а сваякоў у яго няма.
У выніку суддзя Максім Трусевіч асудзіў Кісяля, Касцялея і Францава на 15 сутак арышту.