Fonet
Патрыярх Сербскай праваслаўнай царквы Ірыней памёр ва ўзросце 90 гадоў з прычыны ўскладненняў, выкліканых заражэннем каранавірусам, заявіў прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, піша Бі-бі-сі.
«Для мяне было гонарам, што вас ведаў. Такія, як вы, ніколі не сыходзяць», — напісаў Вучыч.
Патрыярх знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі «Карабурма» з 4 лістапада, калі пры планавым тэставанні ў яго пацвердзілася заражэнне каранавірусам. Ён быў падключаны да апарата ШВЛ.
Патрыярх Ірыней (Міраслаў Гаўрылавіч) нарадзіўся 28 жніўня 1930 года ў вёсцы Відава. У 1951 годзе скончыў духоўную семінарыю ў Прызрэне. Затым скончыў багаслоўскі факультэт Бялградскага ўніверсітэта і аспірантуру пры багаслоўскім факультэце Афінскага ўніверсітэта. Па заканчэнні ўніверсітэта служыў у югаслаўскай арміі.
У кастрычніку 1959 года прыняў манаскі пострыг. У маі 1974 года абраны вікарным епіскапам Патрыярха Сербскага. Кіраваў Сербскай праваслаўнай царквой з 2010 года.