Што стала прычынай смерці 38-гадовага Аляксея, зараз высвятляюць праваахоўныя органы. Паводле інфармацыі калег, у мужчыны не адзін дзень трымалася тэмпература, за апошні час ён двойчы быў на бальнічным, піша Tut.by.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

— Аляксей памёр учора. Мы размаўлялі з ім літаральна два дні таму. Казаў, нічога не мяняецца, паляпшэнняў няма, трымаецца тэмпература. Ведаеце, у кіроўцаў хуткай дапамогі зараз размовы на адну тэму — каранавірус. Усе асцерагаюцца за сваё здароўе, таксама і Лёша баяўся, але аналізы такога роду нам робяць толькі ў тым выпадку, калі быў кантакт з заражаным. Наколькі мне вядома, Аляксею такі аналіз не рабілі, — распавядае Tut.by кіроўца хуткай дапамогі, які папрасіў не называць яго даныя ў тэксце.

Па словах мужчыны, Аляксею было 38 гадоў, у яго не было ніякіх хранічных захворванняў, якія маглі б скончыцца смерцю.

— У Лёшы апошнія 2,5-3 тыдні была тэмпература — 37,5 ці 37,6, то спадала, то зноў з'яўлялася. Ён быў другі раз на бальнічным, калі закрылі першы бальнічны ліст, праз дні тры адкрылі новы, — удакладняе сябар памерлага кіроўцы.

Паводле яго слоў, увесь гэты час Аляксей быў дома, не ў шпіталі. З якім дыягназам — ён дакладна не ведае.

Як тлумачыць наш суразмоўца, кіроўцы хуткай дапамогі адносяцца не да падстанцыі, а да КУП «Мінсксанаўтатранс». Там пацвярджаюць: Аляксей, сапраўды, быў на бальнічным.

— Чалавек памёр, а ад чаго, я не ведаю, гэта пакажа заключэнне судова-медыцынскай экспертызы, — каментуе Tut.by дырэктар КУП «Мінсксанаўтатранс» Анатоль Дастанка.

У размове з Tut.by кіроўцы хуткай дапамогі просяць падняць яшчэ адну тэму — іх экіпіроўкі.

— Калі нас адпраўляюць на выклік, а там падазрэнне на каранавірус, лекараў экіпіруюць цалкам, нас — не. «Мінсксанаўтатранс» і падстанцыя хуткай дапамогі — гэта дзве розныя арганізацыі. Лекарам на выклік даюць процічумныя касцюмы, рэспіратары, нам жа — звычайную маску-анучу. Мы спрабуем уздымаць гэтае пытанне, прыязджала кіраўніцтва, яно стараецца нешта закупіць, але не заўсёды хапае касцюмаў і капялюшыкаў. Таму некаторыя ездзяць у масках, — кажа адзін з кіроўцаў мінскай падстанцыі.

Яго калега дадае: калі дыягназ «каранавірус» пацверджаны ў пацыента, то кіроўцам выдаюць на выклік абарону. Калі брыгада едзе да кантакту першага ўзроўню — кіроўцы надзяваюць маску.

Дырэктар КУП «Мінсксанаўтатранс» Анатоль Дастанка гэтую інфармацыю абвяргае:

— 100% экіпіяваныя. У кіроўцаў усё ёсць: маскі, касцюмы, акуляры, бахілы.

Развітанне з Аляксеем прызначанае на пятніцу.

— Па факце смерці 38-гадовага мужчыны праводзіцца праверка Партызанскім (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта. Для высвятлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза, па яе выніках будзе прынята працэсуальнае рашэнне, — пракаментавала Tut.by Кацярына Гарлінская, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?