Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Па стане на 14:50 удзел у анлайн-галасаванні праймерыз (абранні адзінага кандыдата ад дэмакратычнай супольнасці) на выбары прэзідэнта ўзялі 1397 чалавек.

За лідара АГП Мікалая Казлова прагаласавалі 483 чалавекі (34,57%), за лідара руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча — 475 (34%), Вольгу Кавалькову — 439 (31,42%).

Працэдура праймерыз фактычна стартавала ў канцы студзеня. Удзел у іх таксама бралі Павел Севярынец і Аляксей Янукевіч. З 6 сакавіка прэтэндэнты ездзілі па рэгіёнах, дзе галасаванне вялося пасля сустрэч з людзьмі. Аднак 16 сакавіка Севярынец заявіў, што здымаецца з праймерыз. Прычыны назваў дзве: каранавірус і ўдзел у перадвыбарах вялікай колькасці чыноўнікаў, што галасавалі за Губарэвіча. 

У той жа дзень зняўся з праймерыз і Аляксей Янукевіч, а на наступны дзень адбылася апошняя сустрэча ў рэгіёнах (Баранавічы). Паездкі былі прыпыненыя з-за пагрозы каранавіруса.

Меркавалася, што анлайн-галасаванне будзе доўжыцца да канца красавіка, але, магчыма, будзе працягнута ў маі. Прадугледжвалася, што ўдзел у анлайн-галасаванні возьме 100 тысяч чалавек, а адзінага кандыдата абяруць на з'ездзе ў канцы мая.

Паводле закона, прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0