Пра гэта 30 сакавіка распавяла kraj.by намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама па сацыяльнай сферы Святлана Дзяруга.
— Мы працуем. Жанчыну адправілі ў Мінск з падазрэннем на каранавірус. Быццам бы яна заразілася. Гэта пакуль уся інфармацыя, якую я магу паведаміць, — сказала Святлана Дзяруга.
Галоўны доктар Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Макарава не пацвярджае, але і не абвяргае факт першага ў Вілейцы заражэння каранавірусам.
— Ёсць загад Міністэрства аховы здароўя, згодна з якім мы не ўпаўнаважаны даваць такую інфармацыю, — кажа Ірына Макарава. — Мы займаемся прафілактыкай і абаронай людзей. Колькі людзей заразілася, калі і як, можа агучваць толькі Міністэрства. Я скажу толькі, што ў Вілейцы падстаў для панікі на сёння няма.
Паводле апошніх звестак, у Беларусі зафіксавалі 152 выпадкі каранавіруса.