Беларускія тураператары просяць турыстаў не панікаваць праз каранавірус, а СМІ — не нагнятаць абстаноўку, бо гэта пагражае турыстычнай галіне.
У адкрытым лісце, які апублікаваў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый, адзначаецца, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя не выдавала рэкамендацый устрымлівацца ад паездак. А прычыны для панікі, маўляў, сумнеўныя.
Ілюстрацыйны здымак. Фота Надзеі Бужан.
«На фоне рэкамендацый рэгулюючага органа — Міністэрства спорту і турызму — устрымацца ад паездак у Кітай, Італію, Іран і Паўднёвую Карэю — беларускія турысты пачалі ўстрымлівацца ад паездак не толькі ў гэтыя краіны, але і прыпынілі браніраванне тураў на іншыя кірункі.
Звяртаем увагу, што ў апублікаваным дакуменце міністэрства няма забароны, а толькі рэкамендацыі, але яны, на жаль, выдадзеныя не на канкрэтны тэрмін, а ў бестэрміновым варыянце. Гэта пагаршае сітуацыю»,
— піша Саюз турарганізацый.
Яны наракаюць, што праз каранавірус церпіць і ўязны турызм, бо шэраг атэляў адмовіліся размяшчаць у сябе вандроўнікаў з Італіі, Ірана, Кітая і Паўднёвай Карэі.
У турыстычнай галіне расказваюць «Нашай Ніве», што адмена тураў — адзінкавыя выпадкі. Адмаўляюцца пакуль толькі ад паездак у Італію на перыяд каранціну да 15 сакавіка. Турфірмы ж прапануюць перанесці гэтыя падарожжы на іншы час або замяніць на іншы кірунак.
«З’явілася шмат пытанняў ад турыстаў, шмат сумневаў. Канечне, першае жаданне — наогул не ехаць нікуды. Але першы панічны настрой у размове з турагентам знімаецца, і людзі пагаджаюцца: насамрэч нічога страшнага», — пракаментавалі «НН».
Грошы за здадзеныя пуцёўкі вяртаюць не цалкам.
«Канечне, нейкі працэнт застаецца у турфірмы. У гэтай сітуацыі адмова кліента ад дамовы можа разглядацца толькі як адмова у аднабаковым парадку, па ініцыятыве самога спажыўца.
Зразумела, што чалавек адчувае небяспеку за сваё здароўе. Але захварэць можна і тут, ніхто не гарантуе, што мы ўсе застанемся здаровыя. Можна захварэць на іншую вірусную інфекцыю і праваляцца гэтак жа 2-3 тыдні ў не менш цяжкай форме.
Грошы вяртаюцца на тых умовах, якія прапісаны ў дамовах. Няма ніякіх асаблівых умоў на сёння, ніхто з краін за мяжой не аб’явіў форс-мажор».
Расказваюць таксама, што праз фэйк расійскага Першага канала (пра першую смерць у Беларусі ад каранавірусу), у беларускія кампаніі пачалі звяртацца расійскія турфірмы, каб высветліць абставіны і адмяніць заезды груп.