Беларускі спявак Леанарда (Leo Nardo) загінуў у санаторыі пад Рагачовам. Па папярэдняй версіі, яго ўдарыла токам ад мікрафона.

Сапраўднае імя Leo Nardo — Васіль Бушчык. Яму было 35 гадоў.

Пра падрабязнасці трагічнага здарэння «Нашай Ніве» распавёў Эдгар Шырко, памочнік спевака.

«Леа праводзіў прэзентацыю ў санаторыі «Прыдняпроўскі», які знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне. Падчас прэзентацыі ўсё і здарылася.

Што такое прэзентацыя? Гэта калі спявак выконвае адну-дзве песні, каб яго ацанілі слухачы. Пасля ім прапануюць набыць квіткі на яго поўнавартасны выступ.

Такія прэзентацыі праводзяцца звычайна ці то вечарам, ці то на абедзе.

Леанарда якраз праводзіў сваю на абедзе, у сталоўцы санаторыя, каля першай гадзіны дня, — распавёў Эдгар Шырко. — Ён узяў мікрафон — і ўпаў на падлогу без прытомнасці. Перастаў дыхаць».

Шырко кажа, што адразу выклікалі хуткую. Дактары ехалі каля 15 хвілін. Пасля недзе паўгадзіны спрабавалі рэаніміраваць спевака, але безвынікова. Канстатавалі смерць.

«Пра тое, што яго ўдарыла токам — гэта пакуль не дакладна. Але, напэўна, гэта і было прычынай. Бо чалавек быў здаровы, сачыў за сабой, не меў праблем з сэрцам, з ціскам… — разважае Эдгар Шырко. — Пасля цела забрала міліцыя. Будуць рабіць ускрыццё, і дакладную прычыну смерці паведамяць ужо пазней».

Леанарда быў ураджэнцам Баранавіч. Ён былы бэк-вакаліст Ірыны Дарафеевай, але каля двух гадоў таму вырашыў заняцца сольнай кар’ерай. У наступным годзе спявак планаваў выпусціць першы сольны альбом. 

«Люблю». Словы Уладзіміра Някляева

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?