Дырэктар і загадчык аддзела аднаго з магазінаў у Серабранцы, які належыць буйной гандлёвай сетцы, змагаліся з выкрадальнікамі тавару сваімі метадамі: здзекаваліся з іх у падсобцы, а пасля абсалютна голымі выганялі на вуліцу.

Пра гэта піша «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру Ленінскага раёна.

Даведаліся пра гісторыю, калі мінакі заўважылі, як з крамы выбег голы чалавек.

Выклікалі міліцыю. Пацярпелым аказаўся 38-гадовы мінчук, раней неаднаразова судзімы за рабаванні і нясплату аліментаў. У краме ён спрабаваў скрасці бутэльку гарэлкі, схаваўшы яе пад адзеннем. Аднак гэта заўважылі прадаўцы.

Мужчыну завялі ў падсобнае памяшканне, дзе загадчык аддзела разам з дырэктарам зладзілі самасуд: сталі збіваць, пусціўшы ў ход малаток. Акрамя таго, яны патрабавалі пакрыць шкоду ад выкрадзеных раней тавараў, да якіх небарака не меў ніякага дачынення. Затым работнікі гандлю прымусілі яго распрануцца дагала і выпхнулі ў такім выглядзе на вуліцу, замкнуўшы за ім дзверы.

Другім пацярпелым па гэтай справе праходзіць 54-гадовы мінчук, які таксама мае багатую злачынную біяграфію: судзімы аж дзевяць разоў.

У краме ён спрабаваў выкрасці бутэльку настойкі. Яго напаткаў такі ж лёс, што і першага героя. Акрамя збіцця і вымагальніцтваў, абвінавачаныя плюхнулі яму ў твар кавы, а пасля галышом выправадзілі на вуліцу.

Каб ахвяры не аказвалі супраціву, іх звязвалі і заляплялі скотчам рот. Ва ўсіх ахвяраў самасуду шматлікія сінякі і раны, у аднаго мужчыны зламаны нос.

Праваахоўнікі не выключаюць, што пацярпелых па гэтай крымінальнай справе куды больш, але астатнія пабаяліся звяртацца ў міліцыю, бо здзейснілі ў краме крадзеж.

Дарэчы, сам 40-гадовы дырэктар крамы некалі быў судзімы за гвалт у дачыненні да інспектара ДАІ. Яго 30-гадовы калега прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад вайсковага прызыву.

Крымінальная справа накіраваная для разгляду ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0