Аляксандр Лукашэнка гарантуе незалежнасць правасуддзя ў краіне. Адпаведныя заявы ён зрабіў сёння на нарадзе па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі, піша БелТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часта кажуць: судовая галіна ўлады павінна быць незалежнай. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што, у тым ліку зыходзячы з параўнальнага аналізу з судовымі сістэмамі замежных краін, судовая ўлада Беларусі з'яўляецца незалежнай і абароненай. Аднак ён не выключае, што могуць быць факты кругавой парукі, асабліва на месцах, у чым ёсць віна і саміх суддзяў.

«Тут, наверсе, гэта практычна немагчыма, — падкрэсліў беларускі кіраўнік. — Я цвёрда адношуся, калі мне паступае інфармацыя, што хтосьці з начальнікаў зняў слухаўку і патэлефанаваў суддзі: «Ну вы там паглядзіце …» Гэта апошні дзень яго працы. Калі я гэтага не ўбачыў, а вам патэлефанавалі і вы прамаўчалі, гэта вашы праблемы. Калісьці гэта вылезе. Не бывае, што гэтая таямніца застанецца за сям'ю пячаткамі».

«Калі нехта вам перашкаджае адпраўляць правасуддзе, сумленна, справядліва, па законе прымаць рашэнне, — адзін толькі званок. І вы ведаеце, каму патэлефанаваць, акрамя мяне. Літаральна праз гадзіну-дзве я буду пра гэта ведаць. Таму глядзіце самі. Я бо разумею, што вы жывяце ў рэальным жыцці. і хтосьці ўплываць спрабуе, хтосьці ціснуць і так далей. У вас такі лёс, вы — суддзі. Таму рэагуйце годна. Як рэагаваць, я як кіраўнік дзяржавы вам прапаную. Прынамсі знайдзіце магчымасць праінфармаваць пра недахопы. Я заўсёды ўстану на вашу абарону», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0