Гісторыя пачалася ноччу 12 студзеня ў Куранцы.
Каля гадзіны ночы ў міліцыю патэлефанаваў мужчына, жыхар Маладзечна, і сказаў, што ў Куранцы яго пабіў мясцовы жыхар, распавялі «Рэгіянальнай газеце» ў Вілейскім РАУС.
Міліцыя выехала на месца. Знайшлі таго, хто біў, знайшлі сведак. Толькі вось заяўнік недзе згубіўся. І мабільны тэлефон яго быў недаступны.
Праз некаторы час у міліцыю патэлефанавалі супрацоўнікі вілейскага чыгуначнага вакзала і паведамілі, што цягнік «Мінск-Віцебск», магчыма, збіў чалавека. Машыніст заўважыў яго на ўзбочыне.
Міліцыянеры пайшлі да месца, якое ўказаў машыніст, але там убачылі толькі памяты снег і сляды. Калі пайшлі па слядах, прыйшлі ў лес, дзе знайшлі мужчыну.
Ім аказаўся той самы жыхар Маладзечна, які тэлефанаваў з Куранца. Мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення. Расказаў, што ён хацеў дабрацца дамоў і заблукаў.