Напярэдадні праваслаўнага свята Раства Хрыстовага Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі распавёў TUT.BY пра сваю сям'ю, дзяцінства, і пра тое, чаму праваслаўныя жывуць па старым календары.

— Як вы сустракалі гэтае свята ў дзяцінстве?

— Гэта было так даўно, 50—60-я гады… Тады быў складаны час: дзяцей забаронена было вадзіць у храм, тым больш па начах. Для дарослых гэта таксама не віталася, таму што ў той час у нашай краіне чакалі пабудовы камунізму, і з Царквой вялі моцную барацьбу.

Сёе-тое з далёкага дзяцінства захавалася ў маёй памяці. Памятаю, як за некалькі дзён да Раства Хрыстовага мама гатавала нам посную ежу, а напярэдадні свята — скаромныя стравы. Мы з татам прыбіралі ёлку.

У сам дзень свята мама прыходзіла раніцай з начной службы, спявала трапар і кандак. На вуліцы яшчэ цёмна было, але мы ўжо садзіліся за стол.

— Цяпер на Раство ў сябе дома вы ставіце ялінку?

— Дома ёлку не стаўлю. Шчыра кажучы, у мяне проста не хапае на гэта часу. Ды гэта і не галоўнае. Але я не асуджаю тых, хто ставіць і ўпрыгожвае ёлкі. Гэта знешні атрыбут, які робіць свята Раства Хрыстовага нават вонкава нейкім асаблівым.

— Ці будзем мы калі-небудзь жыць з краінамі Захаду па адным календары, каб раство святкаваць у адзін дзень?

— Некаторыя, разважаючы пра гэта, кажуць, што вось як толькі мы будзем разам святкаваць Раство Хрыстова, тады наступіць адзінства. Не. Гэта маленькая кропля ў акіяне таго, што трэба зрабіць, каб быць разам.

З нагоды календара можна шмат дыскутаваць, але я заўсёды згадваю аднаго з нашых прафесараў Маскоўскай духоўнай акадэміі Аляксея Іванавіча Георгіеўскага, які займаўся гэтым пытаннем і ўваходзіў у склад афіцыйнай дэлегацыі ад Рускай праваслаўнай царквы па каляндарным пытанні.

Мы ў яго таксама пыталіся, ці пяройдзем калі-небудзь на новы стыль ці застанемся назаўсёды на старым.

Ён мудры быў чалавек і казаў: «Сябры мае, вы ж разумееце, што і стары каляндар недасканалы, і новы таксама недасканалы. Які ж сэнс нам сёння з аднаго недасканалага пераходзіць на другі недасканалы? Давайце дачакаемся, калі будзе новы, дасканалы каляндар, вось тады і будзем ставіць пытанне пра пераход на яго».

Хачу сказаць, што стары стыль нам зручны, таму што ў нас увесь богаслужбовы цыкл пабудаваны на гэтым календары. Ён старажытны, і сёння мне думаецца, што многія, хто звяртае ўвагу на прыроду, могуць заўважыць, што нават яна ў плане надвор'я неяк больш звязана са старым стылем.

Іншы бок гэтага пытання сёння найбольш важны, і яго варта ўлічваць. Калі цяпер, не дай Бог, Руская праваслаўная царква пяройдзе на новы стыль, то гэта пацягне за сабой новы каляндарны раскол. Нам гэта трэба? Не.

Сёння каляндарнае пытанне непрынцыповае. А калі б людзі ўсёй Зямлі сапраўды пасля пераходу на новы стыль ўсе адразу прыйшлі ў царкву або вярнуліся да веры, тады трэба было б падумаць. Хачу сказаць: хто ўчора не хацеў хадзіць у храм, той і заўтра не будзе хадзіць, а матыў для асуджэння Царквы будзе ва ўсіх, хто шукае для гэтага любую нагоду.

— Вы нарадзіліся ў Карагандзе, а гэта Казахстан. У гэтай краіне нават па сённяшніх дадзеных 70% насельніцтва — мусульмане. Як у вашым дзяцінстве там ўспрымалі праваслаўных?

— Нават у цяжкія гады ганенняў на Царкву з казахамі у нас не было праблем. Мусульмане і хрысціяне жылі ў міры і згодзе. У Казахстан высылалі вернікаў, і акурат мусульмане спагадалі, хрысціянам, дапамагалі хто як мог, прыносілі ежу, палягчалі іх пакуты.

Памятаю, як аднойчы, у 1969-м або 1970-м годзе, ехаў у аўтобусе, а па вуліцы ішоў святар у расе. І хтосьці з рускамоўных пачаў смяяцца, паказваць пальцам і казаць: «Поп ідзе». А маленькі хлопчык-казах спытаў у мамы, хто гэта. Яна кажа яму з павагай: «Гэта мула ідзе». Сказала гэта без смеху і сарказму.

У мяне і цяпер у Казахстане засталіся сваякі, знаёмыя і сябры, з некаторымі захаваліся самыя добрыя адносіны.

— Вы казалі, што разам з сям'ёй у дзяцінстве ставілі ёлку. Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям'ю. У вас яна вялікая?

— Мама і тата ў мяне з ссыльных. Абодва ўжо нябожчыкі. Тату разам з бацькамі саслалі ў Казахстан, таму што мой дзядуля быў святаром. Па мамінай лініі бацькоў і дзяцей саслалі як кулакоў. Хоць жылі яны сціпла: было ў іх два коні і дзве каровы, дом пабудавалі. Дзядуля і ўсе хатнія працавалі вельмі старанна. Маміна сям'я з Сызрані. Татава сям'я пражывала на Каўказе.

У нашай сям'і нарадзілася дзесяць дзяцей. У цяжкія, галодныя гады чацвёра памерлі — нас засталося шэсць чалавек. Дзякуй Богу, пакуль усе жывыя. Праўда, усе ўжо пенсіянеры, шмат гадоў таму пераехалі ва Уладзімір і там жывуць.

Поўны тэкст чытайце на сайце TUT.BY.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0