Сярод іншых пытанняў там разглядалася забеспячэнне падпіскі на дзяржаўныя выданні: «СБ. Беларусь сегодня», «Рэспубліка», «Народная газета», «Сельская газета», «Знамя юності», «7 дней», «Зара», «Маяк», «Звязда».

У пратаколе пазначаны пункт №163 — «забяспечыць аднаўленне тыражоў» гэтых газет. Ён змяшчае імёны адказных, якія павінны пракантраляваць гэты працэс да 28 снежня 2018 года. Наступны пункт заклікае правесці актыўную падпісную кампанію на 2019 год.

Крыніца расказала «НН», што лісты дасылаюць па электроннай пошце нават у прыватныя арганізацыі, патрабуючы даць справаздачу пра працэс падпіскі да 22 снежня 2018 года. І людзям даводзіцца выпісваць газеты, бо «чыноўнікі маюць уплыў на ўсе віды бізнэсу».

«Наша Ніва» патэлефанавала ў аддзел ідэалогіі Бярозаўскага райвыканкама, каб запытацца, як у іх ідуць справы з падпіскай.

«Гэтыя лісты — інфармацыйныя. Мы працуем разам з поштай. Справаздачы просім даць, каб пошта ведала, як ёй працаваць на наступны год. Пошта ж не мае права сама пытацца ў арганізацый пра такое, а нам цікава, як і чаму штогод ідзе зніжэнне накладаў на 2-3%. Мы павінны ведаць прычыны, чаму гэта адбываецца: праз эканамічную сітуацыю ці грамадска-палітычную. На кожным прадпрыемстве ёсць намеснік па ідэалагічнай працы, і яму трэба выкарыстоўваць СМІ ў тым ліку для сваёй працы. Мы адсочваем, як прадпрыемствы выкарыстоўваюць любую прэсу для інфармавання працоўнага калектыву», — распавёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Крагель.

«НН»: Людзі перажываюць, што калі яны «не зробяць» даведзеныя тыражы, гэта можа ім нядобра адгукнуцца.

Аляксандр Крагель: Штосьці я не памятаю, каб людзей каралі, калі яны нешта не выпісвалі. Любы можа адмовіцца ад падпіскі — нам толькі трэба патлумачыць прычыны: эканамічная сітуацыя, скарачэнне калектыву, структурных падраздзяленняў і гэтак далей. Нам трэба ведаць сітуацыю. Ніякіх наступстваў не будзе. Нідзе ж у лістах не напісана, што будзе пакаранне. Мы разумеем, што насельніцтва атрымлівае інфармацыю і з інтэрнэту, і з іншых крыніц. Ніякіх пагроз няма, гэта рабочая сітуацыя.

«НН»: А самі вы што-небудзь выпісваеце?

АК: Канечне! «Маяк» (раённая газета — Рэд.) выпісваю. «Советскую Белоруссію».

«НН»: І як вам, падабаецца?

АК: Я не хачу каментаваць. Мне, можа, падабаецца, а камусьці не падабаецца. У вашай жа газеты таксама быў падпісны індэкс…

«НН»: «Наша Ніва» не даводзіла арганізацыям ніякія планы па падпісцы.

АК: Магчыма, вы дрэнна працавалі з поштай і не былі зацікаўленыя ў тым, каб пашыраць ваш наклад. Няма нічога крымінальнага ў тым, што мы разам з поштай кантралюем сітуацыю ў межах інфармацыйнай палітыкі.

Чытайце таксама: Бацькі навучэнцаў школы №42 Магілёва: Нас прымушаюць здаваць грошы на газеты. Школа: Мы ў шоку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?