Фота Настассі Роўды
Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» абвясціў даты і месца правядзення VIII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі.
Ён пройдзе 27-29 верасня 2019 года ў Вільні. Асноўным акадэмічным партнёрам Кангрэса выступіць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
Традыцыйна на Кангрэс збяруцца звыш 500 навукоўцаў і экспертаў з Беларусі і замежжа, чакаюцца дыскусіі і прэзентацыі, а таксама наданне Прэміі за найлепшыя навуковыя публікацыі і студэнцкія працы па выніках 2018 года.
Акадэмічнымі партнёрамі таксама выступяць Універсітэт Вітаўта Вялікага і шэраг іншых акадэмічных устаноў. Плануецца, што частка імпрэз Кангрэса адбудуцца ў Ратушы і іншых месцах Старога горада Вільні.
Першы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі адбыўся ў 2011 годзе. З 2011 па 2016 гады Кангрэс праходзіў у Коўне (Каўнасе), у 2017 годзе — у Варшаве. У 2018 па тэхнічных прычынах Кангрэс не змог адбыцца ў Мінску, і было прынята рашэнне пра перанос 8-ага Кангрэса на 2019 год.