Пракуратурай Маскоўскага раёна сталіцы распачатая крымінальная справа ў дачыненні да дзвюх службовых асоб КУП «ЖКГ № 1 Маскоўскага раёна Мінска», паведамляе МУС Беларусі.

Кіраўнікі прадпрыемства з асабістай зацікаўленасці, каб пазбегнуць прыцягнення да матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці за невыкананне мерапрыемстваў, прадугледжаных Дзяржпраграмай аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва, дамовіліся з камерцыйнай структурай правесці фіктыўную працэдуру закупкі пад'ёмных платформаў для інвалідаў і іх ўстаноўку ў пад'ездах жылых дамоў, — распавяла старэйшы інспектар па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмеццева.

Супрацоўнікі АБЭЗ і пракуратуры высветлілі, што работы па мантажы не праводзіліся, а бюджэтныя сродкі ў выніку неправамерных дзеянняў камунальнікаў былі растрачаныя.

«Кіраўнікі падпісалі «ліпавыя» таварна-транспартныя накладныя аб пастаўленых камерцыйным прадпрыемствам пад'ёмных платформах, а таксама фіктыўныя акты выкананых работ. Гэтыя дакументы яны накіравалі ва ўпраўленне дзяржаўнага казначэйства ГУ Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па г. Мінску, у выніку чаго на разліковы рахунак бізнесмена было пералічана больш за 120 тыс. беларускіх рублёў. А гэта — прычыненне дзяржаве шкоды ў буйным памеры, — удакладніла Вераніка Пасмеццева.

У дачыненні да чыноўнікаў заведзеная крымінальная справа па ч. 3 арт. 424 КК Рэспублікі Беларусь («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0