Справа дваіх леснікоў, якія атрымалі хабар ад удзельнікаў арганізаванай злачыннай групы за непаведамленне аб выяўленай імі ўрэзцы ў магістральны нафтапрадуктаправод «Сянно-Дзісна», у найбліжэйшы час будзе разглядаць суд, паведамляе Полацкі аддзел Следчага камітэта.

Паводле дадзеных следства, леснікі ДЛГУ «Полацкі лясгас» схавалі выяўлены імі факт разліву дызельнага паліва ў лесе, што ўтварыўся ў выніку пашкоджання трубы і несанкцыянаванай урэзкі арганізаванай злачыннай групай у магістральны нафтапрадуктаправод «Сянно-Дзісна».

У чэрвені 2015 года леснікі атрымалі ад арганізатара злачыннай групы хабар у агульнай суме 2200 рублёў і 500 долараў ЗША за тое, што не прадухілілі забруджвання лясоў хімічнымі рэчывамі і не склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Следчымі выстаўлена абвінавачанне 28-гадоваму і 37-гадоваму мужчынам на падставе часткі 2 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове). Яны знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Справа злачыннай групы, якая абвінавачваецца ў крадзяжы дызельнага паліва ў 2014—2015 гг. з нафтапрадуктаправоду шляхам несанкцыянаванага ўразання і яго пашкоджанні на ўчастку «Сянно-Дзісна» Полацкага раёна, дачы хабару службовым асобам ДЛГУ «Полацкі лясгас», была завершаная раней.

Віцебскім абласным судом арганізатар арганізаванай злачыннай групы асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі, ўдзельнікі — ад 6,6 гадоў да 7,6 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?