Такое параўнанне дае Зміцер Дрозд, апісваючы свой турэмны досвед.

У турму гісторык-архівіст, даследчык біяграфіі Дуніна-Марцінкевіча і жыцця паноў ХІХ стагоддзя, трапіў пасля падзей Плошчы-2010, як адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб «масавых беспарадках».

Падсумаваннем таго перыяду жыцця стала кніга «Бунт батанікаў», якая нядаўна выйшла.

Зміцер падкрэслівае: параўнаўшы сябе ў турме з Міклухам-Маклаем сярод людаедаў, ён не гіпербалізуе. Побач з ім у калоніі сапраўды сядзеў людаед, не кажучы пра «звычайных» забойцаў.

Апроч таго, што «Бунт батанікаў» — гэта падарожжа ў нетры беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, твор мае прыкметы такога класічнага тыпу, як раман выхавання.

Аўтар апісвае сваю эвалюцыю, нараджэнне нацыянальнай свядомасці ў «звычайнага расейскамоўнага беларуса»

праз росшукі ў архівах, гістфак, штодзённае чытанне на чужыне «Хартыі’97». Паваротным момантам стала загадкавая смерць напярэдадні выбараў рэдактара «Хартыі» Алега Бябеніна. Дрозд запісваецца ў ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава.

Аўтар з галавой акунае нас у атмасферу перадвыбарнага 2010-га: агітацыя, пікеты, уздым — і поўная прастрацыя адносна планаў пратэстнай акцыі 19 снежня

(канкрэтны план сканчаўся дастаўкай гукаўзмацняльнай апаратуры на Кастрычніцкую плошчу).

Дрозд расказвае, што пасля тых фатальных удараў мегафонам з налепкай-«Пагоняй» па і без таго ўжо разбітых дзвярах Дома ўраду (мегафон сплюшчыўся) і затрымання, яго асоба выклікала неўразуменне ў КДБ. Бо «ў іх нічога на мяне не было». Дрозд выказваў сваю нязгоду з беларускай уладай тым, што ад 2002 працаваў у Маскве, а напаўненнем яго жыцця была не палітыка, а паэзія. Ён ні разу не браў удзелу ў выбарах ніякага ўзроўню.

Вызначэнне «батанікі», прызнаецца аўтар, прыйшло яму ў галаву, калі ён пабачыў затрыманых пасля Плошчы — паэты, музыкі…

Імі рухала прага справядлівасці.

Кніга напісаная па-руску, яскравым іранічным словам. Яна вытрыманая ў стылі дзённікавых запісаў, дзе кожны новы абзац — наступная думка ці эпізод. Карцінкі турэмнага побыту перамяжоўваюцца з развагамі:

«Хутчэй за ўсё, я змагу ўсё гэта вынесці — галоўнае пытанне — ці змогуць гэта вынесці мама, бабуля… Ці будзе мне куды вярнуцца пасля? Можа быць, гэты тэрмін стане пачаткам яшчэ больш складанага шляху — без родных, без дому… Вось што намнога страшней».

Турма, піша аўтар, стала яшчэ і выпрабаваннем для сістэмы каштоўнасцяў «батаніка»: хтосьці здаўся праз гадзіну і назаўтра даваў патрэбныя каментары на БТ, хтосьці і пасля нялёгкай адседкі застаўся сабой.

У кнізе маса копій дакументаў. Гэта пратаколы допытаў, аператыўныя здымкі з подпісамі, якія дазваляюць занурыцца ў ход следства па справе аб «масавых беспарадках». Пры канцы — падрабязныя каментары да тэксту, тлумачэнне правілаў, прымхаў і «паняцій» сучаснай беларускай турмы.

Адна з высноваў, якую зрабіў аўтар з «бунту батанікаў» — каб узяць уладу, трэба наймацней за ўсё ў жыцці тую самую ўладу любіць. І ісці да яе па трупах ворагаў і хаўруснікаў. А на гэта ніводзін «батанік» не здольны — у яго іншыя інтарэсы і каштоўнасці ў жыцці.

Апроч гэтай кнігі ды жыццёвага досведу, які не дай Бог мець, Зміцер Дрозд вынес з турмы і сувенір — лагерныя трусы, «выдатны экспанат для будучага музея рэпрэсій».

Архівіст паўсюль архівіст.

* * *

Глядзіце таксама:

«Бунт батанікаў» у ПДФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?