Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па просьбе Аляксандра Лукашэнка патлумачыў, чаму ў Беларусі бязвізавы рэжым пры прыбыцці праз аэрапорт Мінск дзейнічае толькі пяць дзён. Тлумачэнне было дадзенае 3 лютага на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ ў адказ на заўвагу расійскага журналіста аб тым, што бязвізавы тэрмін занадта невялікі.

Па словах Макея, «указ прэзідэнта рыхтаваўся вельмі старанна і адкрыта», прайшлі кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў. «Што тычыцца «пяць дзён ці больш»… Былі радыкальныя прапановы: тыя, хто прыязджае ў беларускія санаторыі, маглі б там заставацца на 10-15 дзён. Дарэчы, МЗС выступаў за больш ліберальныя прапановы», — дадаў кіраўнік міністэрства.

Ён адзначыў, што згодна з беларускім заканадаўствам іншаземец можа знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі ў органах МУС да пяці дзён. «Такі рэжым ёсць і ў некаторых іншых дзяржавах. Таму мы вырашылі не ламаць сістэму і, як кажуць у Адэсе, гуляць па Дзерыбасаўскай паступова. Дамовіліся аб знаходжанні замежнікаў без віз на працягу пяці дзён, каб дзелавыя людзі прыбылі сюды і правялі адпаведныя перамовы, так і для турыстаў дастатковы час, каб азнаёміцца з некаторымі славутасцямі Беларусі, правесці спартыўныя спаборніцтвы і гэтак далей», — растлумачыў Макей.

Па яго словах, калі ўлады ўбачаць, што такі рэжым запрацаваў, то можа быць прапанаваны і больш працяглы тэрмін бязвізавага знаходжання.

З нагоды папрокаў з боку Расіі ў тым, што бязвізавы рэжым нясе пагрозу несанкцыянаванага ўезду ў РФ, Макей заявіў: «Гэта абсалютна не так. Нічога ў нашым рэжыме не памянялася. Больш таго, ва ўказе выразна гаворыцца пра тое, што сюды могуць прыехаць замежнікі, якія маюць шматразовую шэнгенскую візу, якія могуць прыбыць праз Нацыянальны аэрапорт Мінск-2 і з пацверджаным зваротным білетам вылету. Ніякіх новых элементаў, якія маюць небяспекі для беларуска-расійскай мяжы, не з'явілася», — запэўніў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?