Яны пішуць на сцягах прыгожыя лозунгі: свабода, роўнасць, справядлівасць. І мільёны людзей, стомленыя кансерватыўнымі ці рэакцыйнымі рэжымамі, стомленыя дыктатурамі, ім вераць і за імі ідуць.

Яны абяцаюць ліквідаваць паліцыю і ўвесці міліцыю, а ў выніку атрымліваецца паліцэйская дзяржава.

Яны абяцаюць ўвесці выбарнасць чыноўнікаў, а ў выніку атрымліваецца ўсеўладдзе бюракратыі.

Яны абяцаюць увесці грамадскую ўласнасць на сродкі вытворчасці, а ў выніку з’яўляецца новы клас уласнікаў, якія, не ўклаўшы ў набыццё і вытворчасць сродкаў вытворчасці ані шэлега, бескантрольна распараджаюцца фабрыкамі і заводамі, шахтамі і камунікацыямі, кладуць у свае кішэні большую частку даходаў, атрыманых ад рэалізацыі вырабленай прадукцыі і паслуг.

Ёсць заканамернасць: ультрарэвалюцыянеры ў рэшце рэшт ператвараюцца ў контррэвалюцыянераў, у рэакцыянераў, ворагаў прагрэсу.

Змагаючыся супраць аўтарытарных рэжымаў і дыктатараў, яны ўсталёўваюць яшчэ больш жорсткія аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы.

Фідэль Кастра і ўзначаленая ім кліка не выключэнне з гэтай схемы.

Фідэль і яго паплечнікі абвясцілі Кубу Востравам Свабоды, а яна стала востравам несвабоды, востравам палітычных вязняў, палітычных забойстваў і судовых распраў з іншадумцамі. І шчаслівыя тыя сотні тысяч кубінцаў, шчаслівыя дачка, унучка і пляменнікі дыктатара, якім удалося ўцячы у Штаты, на Фларыду: іх не катуюць, іх не мораць голадам пад акампанемент партыйна-дзяржаўнай прапаганды аб шчаслівым жыцці пад кіраўніцтвам братоў Кастра і камуністычнай партыі.

Яны абяцалі народу грамадзянскую і сацыяльную роўнасць. І востраў несвабоды стаў востравам няроўнасці, на якім улада і ўласнасць належаць партыйна-дзяржаўнай наменклатуры, на якім адны маюць свае зоны адпачынку, свае крамы, рэстараны ды іншыя даброты і выгоды, а народ жыве паводле нормаў спажывання, устаноўленых бюракратыяй. І нават тая дапамога, якая прыходзіць простым кубінцам ад родзічаў-эмігрантаў, не дазваляе ім нармальна жыць.

Яны абяцалі справядлівасць. Але ні прававая, ні сацыяльная справядлівасць немагчымая ў грамадстве, у якім няма свабоды і грамадзянскай роўнасці.

Яны занядбалі вялікі ідэал Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса: на месца старога грамадства з яго класамі і класавымі супрацьлегласцямі прыходзіць асацыяцыя, у якой свабоднае развіццё кожнага з’яўляецца ўмовай свабоднага развіцця ўсіх. Вышэй за свабоду і свабоднае развіццё кожнага, свабоднае развіццё ўсіх, вышэй за справядлівасць яны паставілі ўладу дзеля ўлады і атрыманне выгодаў дзякуючы ўладзе. Ці можна пасля гэтага назваць іх марксістамі?

* * *

Пытаюцца: што можна чакаць пасля смерці Фідэля?

Варыянты два: захаванне ўлады кампартыі ці яе ліквідацыя.

Захаваць уладу кампартыя можа і на працяглы час, калі на Кубе ёсць свой Дэн Сяопін, здольны выпрацаваць праграму развіцця, і калі партыя здолее захаваць адзінства. І калі камуністычная партыя — так, як кампартыя Кітая — возьме сабе за правіла кожныя 10 гадоў мяняць вярхоўную ўладу.

Пытанне стаіць так: ці здольная кампартыя Кубы да рэфармавання, да абнаўлення ідэалогіі? Ці ўсё ж яна не паддаецца рэфармаванню, як КПСС, і распадзецца?

Пытанне можна сфармуляваць і так: ці моцныя пазіцыі ў Рауля Кастра? Ці разумее ён, у якой яме апынулася Куба? Ці здольны ён павярнуць стырно ў бок рэформаў? Ці дазволіць яму кіраўніцтва кампартыі павярнуць гэтае стырно?

Калі кампартыя Кубы не паддаецца рэфармаванню, як КПСС, тады магчымы сілавы варыянт змены палітычнага рэжыму, які калодай ляжыць на шляху тэхніка-тэхналагічнага і эканамічнага, сацыяльнага і прававога прагрэсу. Сілавы варыянт магчымы паводле і расійскага, і румынскага ўзораў.

Спадзявацца на раптоўнае, імгненнае ўсталяванне дэмакратычнага рэжыму на Кубе не варта.

Немалаважны чыннік — эміграцыя. Калі эмігрантам будзе абвешчана амністыя і дазволена вяртанне, калі тысячы эмігрантаў з капіталамі вернуцца на Кубу, у краіне, не выключана, ўзнікне гаспадарчая алігархія.

Да таго ж, кастрызм (назавем так кубінскі варыянт камуністычнага рэжыму) узнік не на пустым месцы. Кастрызм глыбока сядзіць у свядомасці, ментальнасці мільёнаў. Многія і многія кубінцы, як і беларусы, ці то баяцца свабоды, ці то ненавідзяць яе. Для многіх і многіх дыктатура, рэжым асабістай улады — самы прымальны.

Не выключана, што на месцы адной дыктатуры на Кубе ўсталюецца другая дыктатура. Іншае пытанне: якая гэта будзе дыктатура — дыктатура развіцця, як у Сінгапуры, Паўднёвай Карэі і Кітайскай Рэспубліцы (Тайвань), ці кансерватыўная, алігархічная дыктатура, як у Беларусі і Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?