Вызвалены з СІЗА КДБ былы галоўны рэдактар «Прессбола» і экс-генменеджер ХК «Дынама-Мінск» Уладзімір Беражкоў у інтэрв'ю міжнароднаму медыяпраекту «Настоящее время» пракаментаваў пераход на працу ў Беларускі клуб біятлону і распавёў пра тое, што спецыфіка беларускага заканадаўства прымусіла яго пайсці на парушэнні ў перыяд знаходжання ў кіраўніцтве хакейнага клуба.

Прессбол

Прессбол

Месяц таму Уладзіміра Беражкова выпусцілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе.

А нядаўна кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык, які ўзначальвае таксама Беларускую федэрацыю біятлона, запрасіў Уладзіміра Беражкова на працу па дамове падраду ў Беларускі клуб біятлону. Там Беражкоў будзе курыраваць стварэнне Медыцынскага цэнтра па рэабілітацыі спартсменаў.

— Аперацыі атлетам у нас у Беларусі так-сяк рабіць навучыліся, а вось рэабілітацыю многія вялікія спартсмены праходзяць у замежных клініках — італьянскіх, французскіх, нямецкіх. Плацяць за гэта вялікія грошы. Мы хочам стварыць такія ўмовы тут, — растлумачыў Беражкоў сваю задачу на новым месцы працы.

— Чаму такі адказны аб'ект — біятлонны цэнтр па рэабілітацыі спартсменаў — даверылі менавіта вам, калі да гэтага вас падазравалі ў парушэнні закона?

— Не магу цяпер адказаць на ваша пытанне. Мабыць, не толькі цяпер, але і наогул. Не магу сябе ацэньваць з пункту гледжання парушальніка альбо не парушальніка закона. Ёсць веданне закона і ёсць няведанне. Ні тое, ні другое не вызваляе ад адказнасці. Калі ты нейкіх рэчаў не ведаеш, але ты пераступіў гэтую рысу, то, натуральна, ты парушыў закон.

Я вінаваты ў шэрагу рэчаў, якія мне інкрымінуюцца, але я не злодзей, я не краў, у мяне не было злога намеру. Тым не менш, абставіны, спецыфіка заканадаўства падштурхнулі мяне да таго, што я парушыў шэраг заканадаўчых актаў. І фармальна да мяне павінны і могуць быць прэтэнзіі. У гэтым сэнсе я прызнаю сваю віну. Я не злодзей, таму, відаць, так ацанілі мяне з боку мае новыя працадаўцы.

У мяне было шмат прапаноў. Калі кагосьці не назаву, то кагосьці пакрыўджу. Былі прапановы з тэніса, хакея, прапановы ад клубаў КХЛ. Але я не магу разглядаць іх сёння ў сілу таго, што мая праца не можа быць звязана з камандзіроўкамі.

— Вы вопытны спартыўны менеджар, для якога спорт — гэта не ідэалогія, а парадак прыняцця важных бізнес-і іміджавых рашэнняў. Ваша прафесійнае асяроддзе гатова ўспрымаць такіх людзей, як вы?

- Думаю, што так, калі ўжо прапанова адбылася. Яна была даволі нечаканай. Гэта раз. Па-другое, давайце не будзем разглядаць гэта як нейкае прызначэнне. Ёсць дамова падраду на пералік вызначаных дзеянняў. У тым ліку на гэты стартап у выглядзе медыцынскага цэнтра.

Ёсць вялікае жаданне працаваць, але дамова гэта заключана на тры месяцы. Пасля чаго бакі, у тым ліку і я, вырашаць, рухацца нам далей разам альбо гэта супрацоўніцтва скончыцца. Не магу сказаць, што з гэтага моманту адбыўся мой канчатковы пераход у біятлон. Гэта не праўда.

Спадзяюся, што нейкая яснасць наступіць у канцы мая. Будзе яшчэ раз засядаць камісія пры прэзідэнце і разглядаць маё хадайніцтва аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці. Усе рухаецца ў тым кірунку, каб гэтае хадайніцтва было прынята. Я выканаў усе ўмовы, кампенсаваў шкоду і чакаю, што рашэнне будзе станоўчым.

— З кім вы хочаце працаваць?

— Я хачу працаваць з прафесіяналамі. Ужо пачаў гэтую працу, бачу вакол сябе людзей неабыякавых, яркіх.

— А з кім ніколі не станеце побач?

- З падлюкамі, з нягоднікамі. Тут дзве часткі адказу. Першая — я усім дараваў і нікому не жадаю зла. Другая — прафесійная дзейнасць 00 гэта нешта іншае, і нават калі я кагосьці дараваў, то працаваць з ім не буду.

- Пра што вы зараз марыце?

- Мару аб тым, каб як мага больш дзён пражыць, як мага больш світанкаў сустрэць, каб птушкі спявалі, каб мяне атачалі блізкія мне людзі, сябры. Каб з імі нічога не здарылася.

Тое, што здарылася са мной … Чалавек — не жывёла, ён прывыкае да ўсяго. А вось тое, што адчуваюць блізкія людзі, сям'я - гэта вельмі турбуе душу. А з неспакойнай душой жыць вельмі складана …

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?