Акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра, што ў Маладзечне, Андрыян Барткевіч застаўся без дзвюх фалангаў мезенца левай рукі пасля таго, як спыняў сутычку свайго дварнягі Кекса і байцовага стафардшырскага тэр'ера сваіх суседзяў Расмуса.

Бальнічны ліст Андрыяну Барткевічу закрылі 28 красавіка, праз месяц і тры тыдні пасля інцыдэнту. Акцёр распавёў Край.бай:

Дварняга Кекс Андрыяна Барткевіча

Дварняга Кекс Андрыяна Барткевіча

— Здарылася гэта 6 сакавіка. Я гуляў з сабакам у парку ў 6-м мікрараёне. Раптам на Кекса накінуўся стафардшырскі тэр'ер. Я ведаю гэтага сабаку, яго завуць Расмус. Гаспадыня жыве на вуліцы Крынічнай. Расмус са шклянымі вачыма ўчапіўся зубамі ў заднюю нагу майго сабакі. Я кінуўся ратаваць Кекса. У выніку — дзве дзіркі ў жываце Кекса і адсутнасць пальца ў мяне.

Па словах Андрыяна Барткевіча, сабачнікі, якія гулялі побач, насоўкай перавязалі яму рану, адвялі дадому і выклікалі хуткую дапамогу.

Дактары спрабавалі выратаваць палец акцёра, але з-за пагрозы інфекцыі вымушаныя былі ампутаваць дзве фалангі мезенца левай кісці.

— Месяц я не спаў з-за болю, не дапамагалі ніякія абязбольвальныя лекі, — распавядае суразмоўца. - Але ў міліцыю заявы не пісаў. Разумею, што сам парушыў тэхніку бяспекі. Разнімаць сабак трэба, адцягваючы іх за заднія лапы і уставіўшы паміж сківіц металічны прадмет. У той момант не было часу думаць пра тэхніку бяспекі. Я спрабаваў выратаваць свайго Кекса. Мой сабака не згублены. Цяпер з ім усё ў парадку.

Акцёр сцвярджае, што гаспадары байцовага сабакі ігнаруюць меры бяспекі, не адзяваюць на сабаку наморднік і адпускаюць бегаць без ланцуга.

— Тры месяцы да гэтага выпадку я прасіў гаспадароў сабакі адзяваць на яго наморднік, — распавядае Андрыян Барткевіч. — У адказ чуў: «Ён яшчэ маленькі, выхаваны, што ў яго куча дыпломаў, сабака бяспечны». Але ж я пацярпеў. Не звярнуўшыся ў міліцыю, я прасіў гаспадароў байцовага сабакі пакрыць мне шкоду, аплаціць лячэнне, але яны адмовіліся. Хачу падкрэсліць, што гаспадары байцовых сабак павінны разумець, хто іх гадаванцы і несці за гэта адказнасць.

Гаспадыня Расмуса Аксана: Я гатова купіць Андрыяну лекі, але плаціць яму даляры не буду

Гаспадыня стафардшырскага тэр'ера Аксана не адчувае ў тым, што здарылася ні сваёй віны, ні віны свайго сабакі. Яна распавяла наступнае:

— Вы ведаеце, у той дзень бо не толькі мы выгульвалі сваіх сабак. Былі і іншыя сабачнікі са сваімі гадаванцамі. У той валтузні, якая здарылася паміж сабакамі, удзельнічаў яшчэ адзін аўчарка. Таму наўрад ці можна сцвярджаць, што вінаваты менавіта мой Расмус. На той момант яму было ўсяго шэсць месяцаў, і ніякай агрэсіі ён не выяўляў.

У мяне чатырохгадовая дачка, і я не баюся пакідаць яе з Расмусам.

Па словах Аксаны, яе сабака праходзіў курс дрэсіроўкі, і ён абсалютна бяспечны. А Андрыян Барткевіч, які шмат у чым сам вінаваты ў інцыдэнце, цяпер проста вымагае ад яе грошы.

— Андрыяну не трэба было ўмешвацца ў сутычку сабак. Бо Расмус не накінуўся з-за вугла. У нейкай ступені гаспадар дварнягі сам вінаваты. Цяпер ён тэлефануе мне і патрабуе 200 даляраў ЗША ў якасці кампенсацыі, на лекі. Але я не атрымліваю заробак у далярах. Я гатова купіць лекі, якія ён скажа, але плаціць валюту не буду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?