5 мая стартаваў сёмы фестываль беларускай рэкламы «adNaK!». Да 10 чэрвеня будзе працягвацца прыём прац ад удзельнікаў фестывалю, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе 30 чэрвеня ў Мінску.

Кожны год фестываль традыцыйна прапаноўвае новую ідэю, звяртаючы ўвагу грамадскасці і прафесійнай супольнасці на актуальныя пытанні ў сферы камунікацыі і рэкламы. Ідэя сёлетняга сёмага AD.NAK! – «aDNAK – ген беларускага крэатыву».

У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя з арганізатарамі фестывалю, дзе распавялі, якім «aDNaK!» сёлета будзе, а таксама назвалі лічбы і трэнды папярэдніх шасці гадоў.

«Фестываль дазваляе рухацца наперад не толькі бізнэс-сферы, рэкламістам і замоўцам рэкламы, адчуўшы беларусаарыентаванасць і мову як падмурак, на ніве якога варта ствараць прадукты. AD.NAK! – гэта пляцоўка, якая дапамагае нам звязваць паміж сабой сферы грамадскай актыўнасці, культурніцкія ініцыятывы і бізнэс-асяродак», — заявіла Ніна Шыдлоўская, каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» і сустаршыня аргкамітэта AD.NAK!

Сустаршыня аргкамітэта AD.NAK! Сяргей Скараход паведаміў, што сёлета спіс намінацый будзе трохі скарочаны, аднак з'явіўся конкурс нерэалізаваных праектаў. «Мы будзем патрабаваць, каб удзельнікі ў гэтай намінацыі падавалі тыя працы і праекты, якія ствараліся для рэальных дзеянняў, але замовец не прыняў яго ці па нейкіх іншых прычынах праект не рэалізаваўся». Традыцыйнай застанецца і антыпрэмія «Каша Сувораўская», дзе можа паўдзельнічаць любы чалавек, які заўважыў у рэкламе неадпаведнасць нашай гісторыі.

«Velcom» і «Аліварыя» адзначылі, што беларускамоўная рэклама добра паўплывала на развіццё бізнэсу. Яны адзначылі, што атрымлівалі шмат станоўчых водгукаў ад спажыўцоў, а рэклама таго ж піва «Аліварыя Каляднае» вельмі хутка здабыла папулярнасць пасля з’яўлення рэкламы па-беларуску.

* * *

Асноўныя намінацыі:

Тэлевізійная і кінарэклама; Прынт; Графічны і камунікацыйны дызайн; Этыкетка і ўпакоўка; Вонкавая рэклама; Аўдыёрэклама; Інтэрактыўная рэклама і дызайн; Медыяпраекты; BTL, PR, прома, event, i DM-праекты; Рэкламныя кампаніі; Інавацыі; Сацыяльная рэклама; Грамадсказначныя праекты; Беларусаарыентаваныя рэкламныя і камунікацыйныя праекты.

З 5 па 10 мая — прыём работ на сайце adnak.by. Пасля, цягам тыдня, журы конкурсу будзе вызначацца з пераможцамі, а ўжо 30 чэрвеня адбудзецца Фестывальны дзень, на якім, акрамя цырымоніі ўзнагароджання, адбудуцца адукацыйныя курсы з удзелам міжнародных экспертаў у сферы рэкламы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?