Ці лічу я гэтае графіці густоўным?

Так.

Ці лічу я, што гэта — складаны шматзначны сімвал, які можа быць як чалавекам без ідэнтычнасці (як гэта актуальна для беларусаў!) так і напамінам пра знішчаных, вобразам як ахвяры, у якой забралі душу, так і вобразам кАта, які сваю душу згубіў?

Абсалютна.

Ці хацеў бы я бачыць гэтае графіці за сваім акном?

Не, не хацеў бы.

Спадарства, вы паставілі колы папераду возу.

Так, Мінску патрэбныя жывыя малюнкі, новыя колеры. Але больш за гэта Мінску (і ўсёй краіне) патрэбна свабода. A гэта значыць, у тым ліку, свабода вырашаць, свабода выказаць свой голас і самому наладзіць сваё жыццё.

Атрымаўся ж чыста таталітарны казус. Густоўны (хоць і спрэчны) твор мастацтва быў створаны ў рамках аўтарытарнай машыны. З нейкай прычыны чыноўнікі далі на гэта дабро. Гэта радуе, бо сярод іх ёсць людзі з густам і смеласцю.

Але: у людзей з суседніх дамоў — тых, для каго, па сутнасці, усё гэта і робіцца, як заўжды, не спыталіся.

Трэ’ было даць людзям самім выказацца, разважыць, што яны хочуць бачыць на сценцы за акном. Зладзілі б абмеркаванне ўсім дваром, далі людзям магчымасць распавесці свае думкі, даць свае ідэі. Хай бы людзі спрачаліся, хай бы стварылі свае эскізы, хоць і крывенькія ды банальныя. Разам з мастаком, разам з экспертамі. Хай бы нават пасварыліся, за чубы адзін аднога пацягалі. Гэта была б навука, маленькая школа дэмакратыі. І гэта, паверце, мела б нашмат большую каштоўнасць за любы, хоць бы самы высокамастацкі праект, які паўстае без удзелу людзей. Гэта — не карціна, не жывапіс. Гэта — асяроддзе горада, дзе жыве 2 мільёны чалавек.

Маглі б мець праект, створаны ўсёй грамадой. А так — маем грамаду, якая паўстала супраць праекта. Маглі б мець дэмакратычны працэс, а будзеце мець міні-рэвалюцыю. Беларусь у мініяцюры.

Таксама навука, дарэчы. Матай на вус, адміністрацыя.

P.S. Я быў бы супраць абмеркавання той дзяўчыны ў вышыванцы. Такое графіці павінна было б паўстаць, хоча хто чаго ці не. Ёсць нейкая мяжа, дзе варта раіцца, а дзе не.

Але ў выпадку з гэтым «анёлам смерці» — трэ' было б абмяркоўваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?